Янукевіч: Спецдакладчыка ПАCЕ цікавілі выбары, палітвязні, супраца з уладай

У Беларусі з афіцыйным візітам знаходзіцца спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні. 25 лютага ён правёў сустрэчу з лідарамі беларускай апазіцыі. Спецдакладчыка цікавіў погляд прадстаўнікоў апазіцыі на палітычную сітуацыю у Беларусі і будучыя прэзідэнцкія выбары. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які прысутнічаў на сустрэчы.

Аляксей Янукевіч: “Мы са свайго боку падкрэслілі, каб была складзена ясная, пакрокавая дарожная мапа развіцця дыялогу паміж Радай Еўропы і Беларуссю. Вызваленне палітвязняў і адмена смяротнага пакарання мусяць прысутнічаць у гэтым базавым спісе. Таксама спадара Рыгоні цікавілі прэзідэнцкія выбары, уздымалася пытанне палітвязняў”.

Па словах Аляксея Янукевіча, пытанне адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі "не ставілася востра". Спецдакладчыка больш цікавіла фармаванне выбарчых камісій на выбарах і прагнозы апазіцыі.

На сустрэчы з Андрэа Рыгоні прысутнічалі таксама апазіцыйныя дзеячы Аляксандр Мілінкевіч, Павел Севярынец, Ірына Вештардт, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін.

Нагадаем, сёння спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы сустрэўся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам. Рыгоні адзначыў, што апошні дакладчык Савета Еўропы быў у нашай краіне пяць гадоў таму. Ён паведаміў, што ПАСЕ хоча аднавіць дыялог з Беларуссю і супрацу з парламентам нашай краіны, але чакае крокаў ад афіцыйнага Мінску.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі