За 20 гадоў высечка кругляка ў Беларусі вырасла ў 4-5 разоў
Высечка лесу ў Беларусі / bellesbumprom.by
Апошнім часам беларусы публікуюць у сацсетках шмат фота высечанага лесу. Сустракаюцца таксама фатаграфіі платформаў з кругляком, якія кудысьці дастаўляюцца чыгункай. Усё гэта служыць падставай для здагадак, што на фоне сур'ёзнага дэфіцыту бюджэту беларускія ўлады нарошчваюць высечку і экспарт драўніны. Вось як сітуацыю каментуе намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, кандыдат біялагічных навук Дзмітрый Грумо:
— Высечкі лесу ў нас ідуць па штогод зацверджанай разліковай лесасецы. У пачатку 2000-x мы секлі каля 3,5 млн кубоў у год, а цяпер 15-18 млн. Штогод, — піша навуковец.
На яго думку, гэта тлумачыцца не жаданнем уладаў запоўніць дзіркі ў бюджэце за кошт сыравіннага экспарту, а тым, што значныя плошчы лясоў падышлі да ўзросту сечкі.
— Я апошнія гады не сачу за адсоткам выбранай разліковай лесасекі, але, калі не памыляюся, да 2018-га яна ніколі не выконвалася, гэта значыць былі недасекі. У 2018-м была складаная сітуацыя, калі суцэльнымі санітарнымі высечкамі ўзялі каля 7 млн кубоў з [належных. — Еўрарадыё] 21 млн. Але гэта была барацьба з усыханнем хвоі. Гэта абваліла цэны на рынку.
30 красавіка канцэрн "Беллеспаперапрам" паведаміў, што ў першым квартале 2021 года нарасціў экспарт на 19,9%. Прэс-служба канцэрна паведамляе, што найбольшы рост далі драўняныя пліты, мэбля, цэлюлоза, фанера, папера і кардон. Аднак "Беллеспаперапрам" вырабляе і "лесаматэрыялы круглыя" — той самы кругляк, пра які пішуць у сацсетках.
Тым часам у Міністэрстве лясной гаспадаркі сцвярджаюць, што "беспрэцэдэнтных высечак" лясоў у Беларусі няма. Там абураюцца, што цэлы тыдзень "у тэлеграм-каналах і на асобных інтэрнэт-сайтах толькі і рабілі, што абмяркоўвалі лясную гаспадарку".
— Звыш аб'ёму нельга высечы. Забаронена заканадаўча ў нас, — каментуе Еўрарадыё начальнік упраўлення лясной гаспадаркі Сяргей Чарняўскі.
Зрэшты, якая разліковая лесасека ўсталяваная ў Беларусі на 2021 год, ён згаджаецца паведаміць толькі ў адказ на афіцыйны запыт.
Цяпер чыноўнікам можна паверыць: нават калі аб'ём высечкі сёлета будзе перавышаны, то ясна гэта стане толькі да канца года. Бо цяжка ўявіць, каб за 4 месяцы 2021 года аб'ём высечкі перавысіў гадавы аб'ём разліковай лесасекі ў 15-18 млн кубаметраў, а то і ў 21 млн кубоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.