За "экстрэмізм" звольнілі загадчыцу аддзялення Сенненскай бальніцы
Вольга Васілёнак
За "распаўсюд экстрэмізму" 21 жніўня судзілі Вольгу Васілёнак, якая працавала ў Сенненскай цэнтральнай раённай бальніцы (ЦРБ), піша "Віцебская вясна". І выглядае на тое, што яе ўжо звольнілі з працы.
Васілёнак — вядомая ў Сянне кардыёлаг. Да нядаўняга часу яна была загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення ў ЦРБ. Цяпер аддзяленнем кіруе іншая жанчына, пазначаная як выканаўца абавязкаў.
29 ліпеня на ТРК "Віцебск" выйшаў сюжэт пра тое, што ў Сенненскай ЦРБ знайшлі пяцярых работнікаў, падпісаных на "экстрэмісцкія рэсурсы". Праўда, улады абяцалі абмежавацца "прафілактычнымі размовамі" з імі. Аднак штосьці пайшло не так, як абяцалі...
Дарэчы, судзілі Вольгу Васілёнак у судзе Віцебскага раёна. Гэта другі выпадак, калі лекараў Сенненскай ЦРБ за "распаўсюд экстрэмізму" судзяць у іншым рэгіёне. Праваабаронцы мяркуюць, што гэта робіцца для таго, каб не прыцягваць увагу мясцовых жыхароў да расправы над медыкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.