Заіка: Дэвальвацыя будзе каля 40%
Эканаміст пракаментаваў словы Лукашэнкі аб тым, што беларусы самі вінаватыя ў магчымай дэвальвацыі.
8 кастрычніка кіраўнік краіны наведаў “БелАЗ”. І расказаў шмат цікавага. У прыватнасці, паведаміў, што ў дэвальвацыі вінаватыя… самі беларусы.
"Вы крычыце: цэны вельмі высокія, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Я пачынаю прэсаваць: давайце зніжаць. Гэта значыць трымаем цэны на нізкім узроўні, а заробак раздулі. Наступствы вы добра ведаеце. Але мяне што больш за ўсё хвалюе? З'явіўся ў вас лішні беларускі рубель, куды вы пабеглі? У абменнікі скупляць валюту. І потым крычаць: а будзе дэвальвацыя ці не будзе? Калі будзе дэвальвацыя — вы яе зробіце".
Эксперты з кіраўніком краіны не зусім згодныя. Леанід Заіка, у прыватнасці, бачыць праблему зусім не ў жаданні грамадзян Рэспублікі Беларусь абмяняць рублі на валюту.
“Пытанне простае. Скажыце, навошта пры падзенні экспарту на 20% і змяншэнні валютнай выручкі ў краіне на 20% заробкі ў рублях павысілі на 20%? Разрыў 40%. Навошта? Хто гэта зрабіў? Гэта людзі самі зрабілі?”, — мяркуе эксперт.
Леанід Заіка дадае, што "не трэба быць выпускніком Гарварда, каб падлічыць памер дэвальвацыі". Дастаткова толькі скласці падзенне экспарту і памер штучнага падвышэння заробкаў.
Адзначым, што за апошнія тыдні гэта ўжо другі раз, калі Аляксандр Лукашэнка згадвае пра дэвальвацыю і бачыць яе прычыну акурат у паводзінах беларусаў. Першы раз гэта здарылася падчас “Дажынак” у Жлобіне. Тады кіраўнік краіны назваў кліентаў абменнікаў “народцам”.
Фота — sb.by