Заіка: Лукашэнка ў 20 разоў завышае паказчыкі па беспрацоўі!

Лукашэнка актыўна ўзяўся за дармаедаў. Падчас паездкі па Магілёўшчыне ён зноў узгадаў пра амаль паўмільёна гультаёў. Гэта даволі небяспечная лічба, заўважае Еўрарадыё эканаміст Леанід Заіка. Афіцыйна ў Беларусі беспрацоўе які год трымаецца на ўзроўні 25 тысяч. Адкуль тады 500 тысяч дармаедаў?

“Беларуская статыстыка абвяргае Лукашэнку. У МВФ і ААН мы заяўляем пра 25 тысяч беспрацоўных, узнікае пытанне аб рэальнасці паказчыкаў. Беларусы, скажыце, вы каго падманваеце? Гэта небяспечна, бо кіраўнік краіны ў 20 разоў завышае паказчыкі па беспрацоўі!” Заіка мяркуе, што з-за такога разыходжання ў звестках Беларусь можа стаць пасмешышчам на міжнароднай арэне. А таксама паказвае, наколькі лёгка і неадказна ў Беларусі ставяцца да афіцыйнай інфармацыі.

Заіка падкрэслівае, што ў Беларусі дапамога па беспрацоўі складае цяпер каля 20 долараў. Як можа выжыць чалавек без працы на гэтыя грошы?

Да таго ж, на думку Леаніда Заікі, ідэя дармаедства — глупства ад самага пачатку. Беларусь — дэмакратычная краіна, дзе кожнаму чалавеку даецца права выбару згодна з Канстытуцыяй. Чалавек можа жыць на заробак, на даход ад здачы ў арэнду, даход ад зямлі, на даход з капіталу.

“Калі чалавек здае кватэру — ён дармаед па версіі кіраўніка дзяржавы, бо нідзе не працуе і ён не палічыў патрэбным стаць наёмным работнікам. Ці, напрыклад, было ў чалавека 25 тысяч долараў. Ён паклаў іх на дэпазіт у рублях і атрымлівае няхай 500 долараў за свой дэпазіт. Чалавек зарабіў сваім розумам, дык чаму мы прыстаём да разумных людзей?”

Тым больш, што і падаткі яны плацяць: яны купляюць вопратку, ежу, куды закладзены падатак на дадатковую вартасць. Хіба яны дармаеды? Не, бо яны плацяць падаткі!

У міністэрствах ды ведамствах, якія маюць дачыненне да тэмы, асцярожна намякаюць, што пытанне быццам бы прапрацоўваецца, уносяцца нейкія прапановы. Яны не агучваюцца, але сам кіраўнік дзяржавы актыўна абмяркоўвае гэтую тэму. Спачатку ён выключыў хатніх гаспадынь з дармаедаў, а потым і гастарбайтараў.

Але як быць з іншымі? Да прыкладу, нацыянальныя меншасці. Ва Упраўленні занятасці насельніцтва Камітэта па працы Мінгарвыканкама прадстаўляюся цыганкай. Нідзе не працую. Тут кажуць, што мінчане вельмі актыўна тэлефануюць, каб уладкавацца хоць на якую працу дзеля галачкі. Але і мне дапамагчы не могуць.

“Вам ніхто не адкажа на гэта пытанне: дармаед вы ці не, бо няма ніякіх законаў ці ўказаў на гэты конт”, — тлумачаць у Мінгарвыканкаме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі