Захад не прызнаў "выбары" прэзідэнта Беларусі яшчэ да дня галасавання. Рэакцыі

Сабралі рэакцыі заходніх палітыкаў

Сабралі рэакцыі заходніх палітыкаў / pixabay.com

26 студзеня, у атмасферы страху і рэпрэсій, у Беларусі праходзяць "выбары" прэзідэнта. Яшчэ да асноўнага дня галасавання еўрапейскія палітыкі і некаторыя парламенты выступілі з заявамі адносна выбарчай кампаніі і прызнання вынікаў.

Еўрарадыё сабрала некаторыя з іх.

Фікцыяй назвала прэзідэнцкія "выбары" ў Беларусі прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Раберта Метсола.

"Маё пасланне народу Беларусі: трымайцеся, мы вас падтрымліваем, час дыктатуры скончыцца. Дэмакратыя пераможа", — напісала яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас таксама ахарактарызавала "выбары" як фікцыю.

"Лукашэнка трымаецца за ўладу ўжо 30 гадоў. Заўтра ён зноў прызначыць сябе прэзідэнтам на чарговых фіктыўных выбарах", — адзначыла яна ў X.

Еўрапарламент у сваёй рэзалюцыі заклікаў краіны ЕС і ўсё міжнароднае супольніцтва "катэгарычна адхіліць маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і перадвыбарчую кампанію як фіктыўныя, бо яны не адпавядаюць мінімальным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў", а таксама працягваць палітыку непрызнання легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта Беларусі.

Эстонскія дэпутаты таксама выступілі з заявай адносна "выбараў" у Беларусі.

"Дыктатар Беларусі ўладкоўвае фарс, а не выбары", — гаворыцца ў заяве камітэта па замежных справах Рыйгікогу.

"Камітэт Рыйгікогу адмаўляецца прызнаваць так званыя выбары, якія адбываюцца пад поўным кантролем рэжыму, і заклікае пры першай магчымасці арганізаваць свабодныя і дэмакратычныя выбары прэзідэнта Беларусі з міжнародным назіраннем з боку АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый", — адзначаецца ў заяве эстонскіх парламентарыяў.

Сейм Латвіі таксама прыняў рэзалюцыю аб непрызнанні "выбараў" у Беларусі, якую падтрымала большасць дэпутатаў.

"Выбары" прэзідэнта праходзяць у Беларусі 26 студзеня. Апазіцыйных кандыдатаў на іх няма. Перадвыбарчая кампанія праходзіць у атмасферы страху і рэпрэсій, якія працягваюцца з 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі