"Закопванне грошай": што з рэканструкцыяй сядзібы Рудніцкіх і палаца Горватаў?
Палац Горватаў. Пакуль яшчэ не рэканструяваны / meridian28.com
Два гістарычныя будынкі — палац Горватаў і сядзіба Рудніцкіх — пасля доўгіх гадоў безгаспадарнага стаяння займелі гаспадароў у 2020–2021 гадах. Набылі старадаўнія маёнткі зусім не мільярдэры, а звычайныя беларусы: умовы дазвалялі гэта зрабіць.
Пра тое, калі ўжо можна будзе паглядзець на абноўленыя помнікі даўніны, Еўрарадыё паразмаўляла з іх уладальнікамі.
"Гучыць усё гэта занадта ўтапічна"
Палац Горватаў — закінуты гістарычны будынак у горадзе Нароўля Гомельскай вобласці. У 2020-м дом стаў уласнасцю пісьменніка Андрэя Горвата. Сузаснавальнікамі ТАА "Над Прыпяццю", праз якое была праведзеная купля, таксама сталі заснавальнік "Сильных новостей" Пётр Кузняцоў і мазырскі прадпрымальнік Аляксандр Баранаў. Палац абышоўся мужчынам у 53 357 рублёў.
Ужо канец 2021-га. Як ідуць справы з рэканструкцыяй будынка?
— Вядуцца работы. Там расчышчаюцца дзесяцігадовыя завалы, зроблены праект рэканструкцыі даху. Цяпер адбываецца, так бы мовіць, здабыча піламатэрыялаў для даху, — расказвае Еўрарадыё бізнесмен Аляксандр Баранаў. — Праведзена велізарная праца па дэмантажы, па выдаленні смецця.
Наша задача зрабіць так, каб ён не разбурыўся, захаваць яго. Па дамове куплі-продажу там будзе нешта з элементамі гатэльнага і рэстараннага бізнесу. Але гучыць усё гэта занадта ўтапічна, таму што для Нароўлі гатэльны бізнес на цяперашні момант — гэта не зусім нешта дарэчнае.
Ні спонсараў, ні піламатэрыялаў
Па словах Аляксандра Баранава, больш за ўсё цяжкасцяў пры рэканструкцыі паўстала з купляй піламатэрыялаў.
— За апошні год цэны выраслі ў некалькі разоў, памераў доўгіх нідзе няма, — наракае прадпрымальнік. — Даводзіцца развязваць такі квэст, таму што першапачаткова планавалі адну суму, а цяпер патрэбна крыху іншая. Атрымліваецца поўная лухта. Каб вы разумелі, за даўгамер 11–13 метраў просяць 1,5 тысячы рублёў за метр кубічны. Мы цяпер рухаемся "на мінімалках", стараемся нічога не выдаткоўваць, усё сваімі сіламі. Людзі прыязджаюць, дапамагаюць. Андрэй Іванавіч [Горват. — Еўрарадыё] там працуе круглыя суткі. Сам грабе, сам тачкі вывозіць.
Інвестараў, гатовых укласціся ў рэканструкцыю, на гарызонце пакуль што не відаць.
— Інвестыцыі маюць на ўвазе нейкую аддачу, а гэта, па сутнасці, закопванне грошай на пацеху будучым пакаленням. Нават намёку на камерцыйную выгаду там няма, — працягвае бізнесмен. — Калі ўсё завершыцца? Залежыць ад таго, як будзе скончаны праект рэстаўрацыі, як перад гэтым будуць праведзены археалагічныя даследаванні. Таму што па ўсіх правілах спачатку гэта ўсё даследуецца, прасейваецца зямля і гэтак далей.
Карацей, шмат фактараў. Таму я думаю, што яшчэ гадоў пяць гэтая пакута будзе доўжыцца. Але кінуць гэта нельга. Ведаеце, можна кінуць марозіва: купіў, не спадабалася, выкінуў. Але тут зусім іншае — гэта ж і сацыяльная адказнасць, і іміджавыя страты ў выпадку чаго.
Чакаць да вясны
Купля на аўкцыёне сядзібы Рудніцкіх, размешчанай у Мёрскім раёне, абышлася журналісту Паўлу Дабравольскаму ў 29 рублёў. У жніўні 2021 года ён і яго каманда пачалі падрыхтоўчыя работы на аб'екце.
— З хлопцамі абмяркоўвалі, што больш-менш актыўную працу будзем пачынаць вясной, дый зімой там асабліва рабіць няма чаго. Да таго ж я пасля працяглай паездкі вярнуся ў Беларусь бліжэй да сакавіка, — расказвае Еўрарадыё Павел. — У нас ужо было некалькі паездак, у час якіх мы наводзілі там парадак. Там вельмі шмат смецця, і прыкладна палову першага паверха мы ўжо разгрэблі. Усяго на гэта спатрэбіцца яшчэ некалькі паездак.
Пасля таго як са смеццем будзе скончана, Павел з аднадумцамі плануюць заняцца пошукам арганізацыі, якая распрацуе праект рэканструкцыі.
— У першую чаргу трэба зрабіць дах, але гэта будзе магчыма толькі тады, калі будзе выкананы аналіз апорнай здольнасці сцен. А праекты робяцца доўга, гэта можа зацягнуцца на паўгода-год.
Калі забяруць, то нічога страшнага. Але наўрад ці забяруць
Па словах Паўла, спонсараў будуць шукаць крыху пазней. А колькі сродкаў ужо ўкладзена ў сядзібу?
— На цяперашні момант каля тысячы рублёў: гэта купля на аўкцыёне, рэгістрацыя зямельнага ўчастка і самога аб'екта. Плюс да ўсяго на нас ужо павесілі падатак на зямельны ўчастак. Выдаткі ў найбліжэйшы час — праект і ацэнка аварыйнасці будынка — абыдуцца ў некалькі дзясяткаў тысяч долараў. Гэта тое, што мы павінны выдаткаваць, па сутнасці, яшчэ да пачатку саміх работ, — падсумоўвае Павел.
На рэканструкцыю аб'екта ўлады далі чатыры гады. Але што, калі каманда не справіцца за гэты час?
— Як толькі архітэктар падрыхтуе праект, гэтыя чатыры гады "абнуляцца", — адказвае Павел Дабравольскі. — Але я да гэтага стаўлюся прасцей: калі дзяржава ў мяне гэты аб'ект адбярэ — ну і няхай. Усё, што залежыць ад мяне для яго аднаўлення, я зраблю. Гарантаваць, што гэта застанецца ў нашай уласнасці да пераможнага канца, нельга. Невялікія апаскі ёсць.
Але чыноўнікам няма сэнсу так рабіць. Калі аб'ект зноў будзе ў дзяржуласнасці, то гэта камень на шыі. Яны ж самі плацяць за яго падаткі, адказваюць за яго стан і гэтак далей. Дый мясцовыя ўлады ахвотна ідуць нам насустрач.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.