Здаецца, мала што змянілася — J:морс выпусціў песню да гадавіны аварыі на ЧАЭС
Гурт J:морс выпусціў кампазіцыю, прысвечаную аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Роўна 35 гадоў таму, 26 красавіка 1986 года, на мяжы з Беларуссю выбухнуў адзін з рэактараў ЧАЭС. Савецкія ўлады спачатку спрабавалі схаваць інфармацыю пра аварыю. Але ў заходніх краінах быў зафіксаваны скачок радыяцыі, пачаліся пытанні, і чыноўнікам з СССР давялося рэагаваць.
"У красавіку 86-га мне споўнілася дзесяць. У Пінску, дзе я рос, многія даведаліся пра катастрофу дзень у дзень, 26 красавіка. На ўзроўні чутак аб атамным выбуху, вядома", — піша лідар J:морс Уладзімір Пугач у анатацыі да кампазіцыі "1986".
Ён успамінае, што вучыўся ў другую змену, і бацькі ў той дзень не пусцілі яго ў школу. Але гэта не парадавала, прызнаецца Пугач.
"Быў асляпляльна яркі сонечны дзень. Я глядзеў у акно і адчуваў жах. Жахлівы страх перад нябачнай, неадчувальнай стыхіяй, якая стрымана забівае ўсё жывое. Пагрозай, ад якой не абароняць ні тоўстыя сцены, ні мама з татам, ні армія... " — успамінае ён.
Прайшло 35 гадоў, цяпер Пугачу 45, але ў стаўленні ўлады да людзей "здаецца, мала што змянілася".
"Тэхнагенныя катастрофы змяняюцца сацыяльнымі ўзрушэннямі, а мы ўсё гэтак жа з жахам выглядаем у вокны, турбуемся і не спім праз блізкіх, перажываем боль страт, баімся невядомасці і спадзяёмся на лепшае", — кажа музыка.
У кліпе "1986" выкарыстоўваюцца фатаграфіі, зробленыя на вуліцах беларускіх гарадоў у апошні год. Яны ілюструюць у тым ліку і такія радкі:
Все такая же пустота
И такое же небо днем
Все, как в восемьдесят шестом,
Перегрето
Мы под утро тебя найдем
И, как будто, еще в живых
Каждый ищет своих
Этим летом…
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.