Здаецца, юнага беларускага футбаліста хоча купіць мадрыдскі "Рэал"
Аляксей Маёраў
Паводле чутак, прэстыжны іспанскі клуб "Рэал" гатовы заплаціць за юнага футбаліста з Беларусі Аляксея Маёрава 120 тыс. долараў. Такая інфармацыя з'явілася ў пабліку "Беларускі футбол". Яе прыводзяць са спасылкай на экс-форварда зборнай Беларусі Мікалая Рындзюка.
— Ёсць брыльянты. Адзін цяпер далёка, знаходзіцца ў Барселоне. <...> Зараз, па-мойму, "Рэал" Мадрыд купляе [Аляксея] за 120 тысяч еўра. Наколькі ведаю, Аляксея клічуць і "Манака", і "Рэал", і "Барселона", і гэтак далей, — цытуе Рындзюка Bet News са спасылкай на YouTube-канал "На банке".
Цяпер Лёша гуляе за "Серданьёла", расказвала некалькі месяцаў таму футбольная агентка з Іспаніі Карына Шумета. Паводле яе, Маёраў мог бы трэніравацца ў акадэміі "Барселоны", але праз праблемы з дакументамі вымушаны часова заставацца ў меншым клубе.
Юнаму беларусу ўсяго 11 гадоў. Лёша звярнуў на сябе ўвагу каля пяці гадоў таму, калі на адкрыцці фан-зоны да Чэмпіянату свету па футболе ў Мінску змог набіць мяч 12 тысяч разоў! Тады ён трэніраваўся ў футбольнай акадэміі мінскага "Дынама", а яшчэ хадзіў на заняткі па футбольным фрыстайле, боксе, барацьбе і плаванні.
Лёша гуляе ў нападзенні, а сваім любімым футбалістам яшчэ 5 гадоў таму называў Ліянэля Месі, пісала "Трыбуна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.