Жаночае аблічча беларускага пратэсту зноў паміж нас

"Ева" Хаіма Суціна / Еўрарадыё
"Ева" Хаіма Суціна / Еўрарадыё

“Еву” адпусцілі. Цяпер карціну Хаіма Суціна зноў можна ўбачыць у галерэі “Арт-Беларусь”.

Хто пазіраваў мастаку, калі ён у 1928 годзе пісаў “Еву”, мы не ведаем. Але хто толькі не пазіраваў у вобразе Евы летась, калі яна стала першым сімвалам беларускага пратэсту!

Прэс-рэліз галерэі “Арт-Беларусь” быў больш чым стрыманым. Там проста паведамілі: з 23 чэрвеня галерэя “прэзентавала ўвазе аматараў мастацтва працы з карпарацыйнай калекцыі ААТ “Белгазпрамбанк”. Карэспандэнт Еўрарадыё вырашыла, што на пляцоўцы галерэі знойдзе больш эмоцый, чым у гэтым лаканічным паведамленні. І не памылілася.
 

Наша “Джаконда”

 

“Ева” Суціна цяпер трошкі “Джаконда”. Сёння ў “Арт-Беларусь” ідуць, каб паглядзець на яе, сфатаграфаваць яе — ну і заадно ўбачыць Шагала на суседняй сцяне. Кажуць, калі доўга глядзець на “Еву”, можна нават не ўтрымацца і зрабіць сэлфі.

Первая женщина белорусской революции вернулась
"Ева", затрыманая больш за год таму / Еўрарадыё

Нехта да карціны падыходзіць дзёрзка і напрасткі. Нехта набліжаецца вельмі акуратна, літаральна выглядаючы з-за кута.

— Проста я хачу паглядзець на “Еву” у самым канцы. Калі агледжу ўсё іншае, — дзеліцца з карэспандэнткай Еўрарадыё адна з наведніц галерэі.

Карціна месціцца ў самым цэнтры залы. Каб адкласці яе напотым, даводзіцца перасоўвацца бачком.

— Я не ведаю, як гэта вытлумачыць. Не мурашкі, а проста мурашы па скуры. Эмоцыі перапаўняюць. Колькі я тут знаходжуся? Не ведаю, губляю адчуванне часу, — кажа Наталля.

Яна хоча пакінуць водгук у кнізе прапаноў, і мы дамаўляемся сустрэцца на выхадзе з галерэі, каб паназіраць, як “мурашы” ператвараюцца ў водгук.

Сяброўкі Таццяна і Аляксандра сёння планавалі разглядаць сімбаль рэвалюцыі ў іншым музеі — Азгура. Але ён зачыніўся а 18-ай гадзіне, а выстава ў “Арт-Беларусі” адкрылася. Так што замест бюстаў правадыроў рэвалюцыі дзяўчыны сёння знаёмяцца з партрэтам-сімвалам пратэстаў.

Первая женщина белорусской революции вернулась
Калі прыйдзеце глядзець на "Еву", гляньце і на іншыя творы / Еўрарадыё

— Няможна было не прыйсці і не парадвацца. Шквал эмоцый, — кажа Аляксандра. — Так, тут ёсць шмат іншых цікавых твораў: і Шагал, і карта ВКЛ. Але сёння мы прыйшлі паглядзець на “Еву”.

І Шагал, і карта ВКЛ, і Цадкін, і адлічбаваныя кнігі Скарыны, і арыгінальная — Сімеона Полацкага, і іншыя карціны Суціна, урэшце. Але так, сіла кантэксту ў “Арт-Беларусі” сёння перамагае сілу мастацтва.

— Калі па-шчырасці, мне больш падабаецца стылістыка іншых прац Суціна. Так, колер, так, глыбіня. Але тут Суцін трохі пераймае Мадыльяні, — кажа іншая госця галерэі, Таццяна, пра "Еву". — Але я рада, што “Еву” вярнулі.
 

Умовы ўтрымання — добрыя

 

“Еву” нават не тое каб вярнулі. Госці кажуць, што яна ўвесь гэты час захоўвалася тут, за апячатанымі дзвярыма. То бок, тэхнічна і не знікала з галерэі. За яе можна не перажываць, умовы ўтрымання былі добрымі, яна магла б даць адпаведныя сведчанні.

Первая женщина белорусской революции вернулась
Выбірайце паштоўку з працай улюбёнага мастака / Еўрарадыё

Калі пра Еву кажуць мастацтвазнаўцы, яны заўважаюць, што натурніца глядзіць на мастака ці то з незадаволена, ці то з цікаўнасцю. Незадаволена — таму што прадбачыць, што Суцін не напіша яе рысы ідэальнымі, такі партрэт на аватарку не паставіш. З цікаўнасцю — таму што цікава, які яе ўбачыць прызнаны майстар, бо да таго моманту ў Суціна ў Парыжы ўжо адбылася персанальная выстава.

Цяпер ці то з цікаўнасцю, ці то з незадаволена Ева глядзіць на гасцей галерэі пасля года зняволення. Незадаволена — таму што за гэты год было неідэальнае і цяжкае. З цікаўнасцю — таму што цікава, што будзе далей.

Не робячы прагнозаў на тое, што будзе далей, раскажам пра сёння: да вечара, калі працоўны дзень скончыўся, на выставу ўжо прыйшло каля ста наведнікаў.
 

Калі вы бачылі Еву апошнім разам?

 

Хаім Суцін нарадзіўся ў Смілавічах. Той хаты даўно няма. Са Смілавіч ён з'ехаў у Мінск, потым — Вільня, а адтуль — у Парыж. Сам Суцін у Беларусь больш не вярнуўся. Толькі яго карціны — тры з іх купіў і прывёз Белгазпрамбанк.

Первая женщина белорусской революции вернулась
У "Арт-Беларусі" можна вывучыць мапу ВКЛ / Еўрарадыё

Цягам года “Еву” Суціна можна было бачыць усюды — на футболках, на торбах, у выглядзе налепак на вадасцёкавых трубах. Толькі не ў галерэі “Арт-Беларусь”, адкуль яе вынеслі разам са 150 іншымі творамі мастацтва у сярэдзіне чэрвеня мінулага года.

— Калі вы бачылі “Еву” у апошні раз? — пытаемся ў наведніцы галерэі.

— Я яе кожны дзень бачу на сваёй торбе.

Калекцыю Белгазпрамбанка тады “далучылі” да крымінальнай справы. Гледачоў “Беларусь-1” палохалі страшнай сумай, у якую ацанілі карціны і іншыя “далучаныя” прадметы мастацтва — 20 мільёнаў долараў.

А галерэя “Арт-Беларусь” тым часам круціла на сваіх спусцелых прасторах іншыя ролікі. У памяшканні ўсталявалі тэлевізар і паказвалі ранейшыя сюжэты, у якіх дыктары тых жа дзяржканалаў наперабой хвалілі Белгазпрамбанк і асабіста Віктара Бабарыку за ўнёсак у мастацтва.

На сценах “Арт-Беларусі” замест карцін віселі QR-коды. Госці маглі даведацца, што было на гэтым месцы да таго, як мецэнацкай дзейнасцю Белгазпрамбанка зацікавіліся не толькі знатакі “парыжскай школы”.

Беларусам падабаўся сімвалізм: нейкая Ева, кабета, пра якую мы нічога не ведаем, стала першай асобай пратэсту-2020. І ў сваёй кульмінацыі пратэст знайшоў іншы твар: таксама кабеты, пра якую мы — тады — нічога не ведалі.

А ёсць сімвалізм, які вам не спадабаецца. Пра вызваленне “Евы” мы даведаліся на наступны дзень пасля таго, як для асноўнага фігуранта справы Віктара Бабарыкі пракурор папрасіў 15 гадоў пазбаўлення волі.


Паглядзець Еве ў вочы


— Я гатова напісаць водгук, — кліча наша першая суразмоўніца. Да таго моманту яна правяла на невялікай пляцоўцы галерэі ўжо каля гадзіны.

Первая женщина белорусской революции вернулась
Сувеніры ў краме / Еўрарадыё

Але кнігі водгукаў, якая была тут раней, ужо няма. Цяпер нагляднікі рэкамендуюць скарыстацца гугл-мапамі і пакінуць водгук там. Мы прапануем Наталлі скарыстацца дыктафонам карэспандэнта Еўрарадыё і пакінуць водгук у гэтым рэпартажы.

Яе водгук такі ж кароткі, як прэс-рэліз галерэі. Толькі нашмат больш эмацыйны.

— Да слёз. Я шчаслівая, што змагла паглядзець Еве ў вочы. Я думаю, нам было што адзін аднаму сказаць. “Ева” вельмі прыгожая. Вяртанне гэтай калекцыі асабіста для мяне за апошні час адна з самых пазітыўных, жыццесцвярджальных навін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі