Жыхара Бешанковічаў аштрафавалі за "Пагоню" на багажніку аўто
Жыхар Бешанковічаў прыехаў у Віцебск па прадукты, але быў вымушаны заплаціць штраф — за "несанкцыянаванае пікетаванне", пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Мужчына паставіў свой аўтамабіль на стаянцы каля крамы "Еўраопт" на Маскоўскім праспекце. Жонка пайшла ў краму, а муж застаўся ў машыне. Праз нейкі час ён заўважыў, што багажнік фатаграфуюць два міліцыянты.
У рапарце, складзеным міліцыянтамі, паведамляецца, што на адным з аўтамабіляў яны выявілі герб "Пагоня", які назвалі забароненай сімволікай (гістарычны герб унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі).
Іншай сімволікі міліцыянты не знайшлі.
На судзе жыхар Бешанковічаў заявіў, што не ведае, хто размясціў налепку на яго машыне. Аднак суд усё адно аштрафаваў яго на пяць базавых велічыняў (160 рублёў), прызнаў вінаватым у "несанкцыянаваным пікеце".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.