Жыхары ўсходніх гарадоў ― Караткевіч: Нашто вы з бандэраўцамі па Львове хадзілі?
Дарога
Шэры мікрааўтобус імчыць па алімпійцы ў бок Оршы. Побач з кіроўцам ― Таццяна Караткевіч. Кандыдат у прэзідэнты выбачаецца, што забылася ўзяць з сабой дыскі, таму, кажа, давядзецца слухаць песні на вершы яе былога шэфа ― Уладзіміра Някляева. І бадзёра падпявае знаёмы з дзяцінства “Родны мой горад” ды пяшчотную верасоўскую “Любви прощальный бал”. Сёння ў Караткевіч картэж не горшы за лукашэнкаўскі: ззаду два аўтамабілі з польскімі і нямецкімі журналістамі. Адзінае што без мігалак.
Наперадзе ― чарговыя сустрэчы Караткевіч з выбаршчыкамі. Прычым, кажа Таццяна, на складанай тэрыторыі ― у вёсцы Ляды, за якой пачынаецца Расія, у Дуброўне і Оршы, і нібыта людзі там з прарасійскімі настроямі.
Пакуль едзем, Таццяна прыгадвае сустрэчу ў Мазыры, калі сабралася чалавек 50, а слова ўзяў дзядзька і пачаў скардзіцца, што ў крамах знік рафінад. І спірт. І цяпер яму настойку баярышніка няма як зрабіць. Смяемся.
У Оршы ў бус падсаджваюцца мясцовыя актывісты на чале з Алесем Шутавым. Праводзяць хвілінку “палітінфармацыі”: Ляды ― былое яўрэйскае мястэчка, але яўрэі даўно яго пакінулі. Афіцыйна пражывае 494 чалавекі. Палова з іх працуе ў Расіі. Астатнія пастаянна “ваююць” з суседнімі расіянамі. Жыхары маюць крайне нацыяналістычныя погляды, пра гэта гавораць нават графіці на мясцовых прыпынках. На пад’ездзе да Лядоў бус з Караткевіч прытармажвае: літаральна на дарозе палыхае цюк. “Дыверсія!” ― мільгае ў галаве. Але кіроўца праязджае пажар ― і мы ў Лядах.
Пікет Караткевіч мусіць праходзіць ля мясцовага клуба. Аднак на вуліцы ні душы. На прыпынку сапраўды красуецца антырасійскі надпіс, але з хлебам-соллю апазіцыянерку Караткевіч тут ніхто не чакае. У клубе знаходзіцца загадчыца і дзве супрацоўніцы. Яны суха сустракаюць магчымага будучага прэзідэнта ― ні дзяжурнай усмешкі, ні дыялогу. Праўда, сітуацыю ратуюць мінакі.
"Я працую тут у калгасе. І Лукашэнка мне нічога не зрабіў, абсалютна нічога. Заробак мой два мільёны. Што гэта такое два мільёны? Гэта абсалютна нічога. Што я магу за гэтыя грошы купіць? Нічога!" ― дзядзька на возе пачынае разыходзіцца, бачачы такую ўвагу да сябе з боку СМІ. ― Здымайце мяне, здымайце! Я яго не баюся! Вы замежнікі? Оў, кепска жыць у нас, кепска, кепска, вельмі кепска!”.
Да дзядзькі падыходзіць Караткевіч, знаёміцца, пытае, ці вызначыўся ён з кандыдатам.
― Я не буду ні за каго галасаваць. Не маю кандыдата. Аааа, вы кандыдат? Я праграму вашу чытаў… І калі б вы вашу праграму рэалізавалі...
― Для гэтага мне патрэбны ваш голас.
― Я аддам вам голас. Ні адзін, пяць аддам, я збяру іх. Але я ўпэўнены, што будзе Лукашэнка, і будзе працягвацца гэтая ўся фігня (не хачу гаварыць вам груба).
― Я хачу нешта памяняць і вам дапамагчы... О, як гэта штука называецца (Таццяна выцягвае з ножнаў воза штуку, падобную да нажа)? У маёй вёсцы гэта называлася калёсы.
― Калёсы, так.
― А як кабылку завуць?
― Гэта Конь, Орлік!
Клубныя работнікі ўвесь гэты час слухаюць і сочаць за тым, што адбываецца вакол Караткевіч. Але калі яна прапануе ім сфатаграфавацца, адна грэбліва адмаўляецца, а іншая пачынае доўга корпацца ў торбе, правяраць фотаапарат (ён, натуральна, не працуе), і паралельна кажа, што не трэба слухаць дзядзьку на кані:
― Усё ў нас тут добра. Хто захоча, той працуе. Ёсць гаспадарка, ёсць школа... Дуброўна побач ― аўтобус туды ходзіць тры разы на дзень. Ёсць жывёлагадоўчы комплекс, і людзі някепска зарабляюць.
― Два мільёны ― гэта не шмат, ― адказвае Караткевіч.
― Дзядзька вас падмануў. Ён нецвярозы. Вы што, не бачыце?
Пакуль Таццяна размаўляе з бабуляй, якая таксама перакананая, што краіне патрэбныя перамены, да групы падтрымкі падыходзіць зусім малады чалавек Ігар. Кажа, што ўжо тры месяцы працуе па размеркаванні эканамістам у мясцовай гаспадарцы. Але скардзіцца не хоча ― заробку яму хапае, жыллё атрымаў, умовы працы добрыя, увесну збіраецца жаніцца. Але вось прэзідэнта, кажа, трэба мяняць:
“Згодны, што на пачатку 90-х―2000-х ён дапамог краіне. Але ўзрост ёсць узрост. І ён дае пра сябе знаць. Ён мусіць разумець, што трэба моладзі. Цікава, што нас далей чакае”…
Пікет згортваецца, і Караткевіч са світай выпраўляецца ў мясцовую школу, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак. Усе сябры камісіі на месцы, нават з назіральнікамі! Хваляцца, што за два першыя дні датэрмінова прагаласавала ў іх 60 чалавек (гэта каля 30 адсоткаў жыхароў!) і абяцаюць Караткевіч добрасумленна палічыць галасы. На развітанне Таццяна пытаецца ў жанчын пра іх пажаданні ці патрэбы і чуе неверагоднае: “Пажаданні? Каб правялі нам газ! А так у нас усё добра!”.
На вуліцы раптам бачым бусла. Ён нізка-нізка пралятае ля школы (гэта ў кастрычніку!) і сядае прама на дарогу. Караткевіч бяжыць за буслом, каб яго сфатаграфаваць.
― Ён ручны, ― крычыць жанчынка на ровары з кашом. Спыняецца. Знаёміцца з Караткевіч і тут жа распавядае пра сваё жыццё:
― Збіраем бульбу. Выступленне ваша? Не глядзелі, бо няма калі… Я паштальёнам адпрацавала 20 гадоў. Мне 56 гадоў. 5 гадоў на інваліднасці, хварэю. Адпрацавала 33 гады, а пенсія, сорамна сказаць каму, мільён трыста семдзесят. Жывем. Гаспадарку трымаем. Толькі так. Я кажу, як ёсць. Я працавала паштальёнам, было ў нас 5 гадзін. Я пыталася, калі я пайду на пенсію, што буду мець? Казалі, што ўсё будзе добра. А атрымалася, што гэта няпоўны дзень, у нас не хапала гадзін. Вёска вымірае… Маталіся па іншых вёсках. Вось наматаліся. Цяпер прайсці цяжка... Прагаласую заўтра... А ў нядзелю жэнім сына ў Оршы, так што прабачце!
Дуброўна
Мясцовых жыхароў тутэйшыя актывісты характарызуюць як запужаных людзей. Але да крамы, якая знаходзіцца зусім не ў цэнтры горада, прыходзіць даволі вялікая колькасць жанчын ад 40 да 80-ці і мужчын-пенсіянераў. Усе яны скардзяцца на цяжкае жыццё, адсутнасць грошай, малыя заробкі і несправядлівае размеркаванне пенсій: маўляў, працаваў дзень і ноч, у камандзіроўкі ездзіў, а пенсія такая ж, як у суседкі, якая медсястрой у паліклініцы прасядзела.
"Мая прапанова такая: пенсійны ўзрост павышаць не трэба, няхай як ёсць, бо ўсё ж мужчыны і жанчыны ў нас не аднолькава доўга жывуць, ― пачынае агітацыю Караткевіч. ― А пенсію трэба рэфармаваць у плане індывідуальна-накапляльнага фонду ― каб не было несправядлівасці".
"Цяжка, цяжка жыць, ― уздыхае мясцовая жанчына літаральна з адчаем у вачах. ― На нашы грошы жывем як пасля вайны. У Расію едуць, асабліва моладзь ― там хоць плацяць".
Таццяну завальваюць пытаннямі. Пра тое, дзе яна возьме грошы, каб плаціць заробкі, якім яна бачыць выйсце з крызісу, што будзе з лукашэнкаўскай “вертыкаллю”; распавядае пра тое, як жывуць беларусы ў Гродзенскай вобласці, з якімі яна сустракалася, пра іх праблемы. І ўсё ж падаецца, што гаворка Караткевіч некалькі складаная для жанчын ― былых супрацоўніц мясцовага КБА, якое, узгадваюць, некалькі квітнела. А цяпер вось рынкі з’явіліся, пральныя машыны, і так КБА, на якім у свой час працавала палова горада, змарнела.
― У нашай прэсе было, што вы з беларускімі заўзятарамі і бэндэраўцамі хадзілі па Львове. Гэта праўда? ― пытаецца высокі хударлявы дзядуля. (Маленькая бабуля ў хустцы адразу абураецца, маўляў, калі з бэндэраўцамі, то нам так не трэба. А другая бабуля кажа: “Пачакай, няхай яна сама адкажа”).
― Гэта не праўда. Я была ў Львове толькі на матчы. Гуляла наша беларуская каманда. Я ўзяла валанцёраў, якія збіралі подпісы, і такім чынам іх аддзячыла за працу. У час, калі заўзятары хадзілі па Львове, я сустракалася з мэрам горада.
Жанчына ў бэзавай шапцы, падобная да выканкамаўскіх, пачынае экзаменаваць Караткевіч: “А калі вы, Таццяна, на выбарах пераможаце, вы перавядзеце ўсіх нас на беларускую мову? Мы проста тут бліжэй да Расіі, усё жыццё па-руску размаўлялі”…
Караткевіч кажа, што ніякага гвалтоўнага пераходу не будзе. Што яна за двухмоўе і за тое, каб людзі не адчувалі сябе некамфортна ў гэтым пытанні. Але сама яна, як прэзідэнт, будзе карыстацца выключна беларускай мовай, каб даваць прыклад астатнім і такім чынам падтрымаць родную мову. Сёння 46 дзень паездак Караткевіч, і відавочна, што яна натрэніравалася адказваць на большасць пытанняў.
“Ой, як прыгожа гаворыць! Толькі гэта і можа”, ― кідае мінак у скураной куртцы. “Былы начальнік”, ― шэпча мне адна з бабулек. ― Чаму яны гулялі, сядзелі на нашай шыі, а мы мусілі працаваць?”
На авансцэну выходзіць дзядуля з кіем і кажа, што вось пад гэтым (бел-чырвона-белым) сцягам яго гналі ў палон. Яму было 10 гадоў. Караткевіч кідаецца на амбразуру:
― Калі я вучылася ў школе, нам казалі адно пра гэты сцяг. А змянілася ўлада і пачалося! Я, як прэзідэнт, не збіраюся змяняць сімволіку. Хачу, каб у нас у краіне было адзінае разуменне ўсіх этапаў гісторыі. Гэта пытанне будзе вырашаць парламент. Але ніхто вас не гнаў пад гэтым сцягам!
― Хатынь пад гэтым сцягам спалілі! Я ж лепш ведаю! (бабулі пачынаюць шаптацца, што маўляў, што ён там памятае ў 10 гадоў). Нацыяналісты! Тут нашы беларусы з хлебам-соллю выходзілі сустракаць немцаў. А пра гэта нідзе не напісана. А Лукашэнка прыйшоў ― сваю сімволіку павесіў, вы прыйдзеце ― сваю павесіце. І як у гэтым кіно выходзіць ― куды ж селяніну падзецца?
― Я лічу, што не гэта галоўнае. Я не буду аднаасобна нічога змяняць. Таму што галоўнае эканоміка! ― заяўляе Караткевіч і хітра цісне на балючае: А льготы ў вас захаваліся?”
― Перастаньце вы, якія ільготы?.. Хацеў вас папрасіць, як будучага прэзідэнта. Лукашэнка абяцаў, што навядзе парадак ― немагчыма ж тэлевізар глядзець з-за гэтай рэкламы! І прычым жа як закрычыць, гучна так: “Набывайце парашок"!
Жанчыны і мужчыны, магчыма, не ўсё зразумелі з разумных прамоў Караткевіч, хоць яна і пра сваіх бацькоў распавядала, і казала, што адна з іх, але ўпершыню да іх прыехаў кандыдат у прэзідэнты і выслухаў іх праблемы і пагадзіўся, што на тры мільёны жыць немагчыма.
“Колькі ў бульбе жукоў, столькі і на зямлі жукоў”, ― выкрыквае на развітанне смешная бабуля Нюра. Кажуць, мясцовая знахарка. А жанчыны становяцца ў кола і ўзгадваюць пра Леха Валенсу, які быў звычайным электрыкам, а ўсяму навучыўся, і вунь як палякі цяпер добра жывуць. Ды і ўкраінцы тут прыязджалі, бежанцы, ноч пераначавалі і дадому паехалі. Думалі, што ў нас тут рай. Але няма раю. Кажуць, там дзе ў нас страляюць ― лепш, чым у вас.
Орша. Пікет ля Калегіума.
16.45. Людзі вяртаюцца з працы. Спяшаюцца. Бяруць улёткі з праграмай Караткевіч і бягуць дадому. Польскія калегі кажуць пра зялёную ладу, якая вууунь там стаіць і ўсё здымае. Але да гэтага кампаніі Караткевіч не прывыкаць. Здымаюць паўсюль. Але нейкіх перашкодаў не ладзяць. Пра гэта яна распавядае мужчыну. Ён адмыслова прыехаў сустрэцца з кандыдатам у прэзідэнты з вёскі. Адзінае, працягвае Таццяна, на зальных сустрэчах прадстаўнікі "Белай Русі" ды БРСМ могуць перашкаджаць, перарываць, задаваць некарэктныя пытанні. Хаця вострыя і часам жорсткія пытанні задаюць і тыя, хто сумняваецца.
Мужчына таксама пытаецца, ці вельмі адрозніваецца рэакцыя на Караткевіч на Захадзе Беларусі і на Усходзе, ці чытае Таццяна водгукі пра сябе і што думае пра тое, што Лукашэнка адмовіўся ад расійскай авіябазы.
“Ну, гэта смешна, што ён як прэзідэнт не ведае нічога! Мне б не хацелася думаць пра тое, што гэта проста перадвыбарнае абяцанне. Бо большасць беларусаў супраць гэтага. Таму я лічу, што нейтральная Беларусь ― наш пункт праграмы, вельмі рэальны і актуальны!”, ― адказвае кандадат.
Пакуль Таццяна размаўляе са школьнікамі на выгляд гадоў 14-ці пра будучыню беларускай моладзі, Еўрарадыё назірае за дзіўным хлопцам, які стаіць далей ад усіх і нібыта нечага чакае. Аказалася, што прынёс ён з сабою план, як вывесці Беларусь з крызісу: перасадзіць усіх на электрамабілі, набываць у Расіі нафту і прадаваць яе крыху даражэй Захаду.
Орша, зала ў школе Мастацтваў
Пакуль выбаршчыкі займаюць месцы ў зале, Таццяна дае інтэрв’ю маладому чалавеку, які робіць фэн-сайт “Еўрабачання”. Кандыдат кажа, што глядзіць конкурс выключна фонам і не асабліва ў ім разбіраецца. Лічыць, што сітуацыю можа выратаваць беларускамоўная песня, аднак відаць, што да падобных пытанняў яна не вельмі падрыхтаваная.
У зале самая разнастайная публіка. Тут і былыя настаўніцы, і маладыя людзі, і вельмі добра апранутыя людзі, і больш сціпла. Але пераважная большасць ― мужчыны за 50. Гучаць ужо некалькі разоў чутыя намі пытанні пра заробкі, пра стаўленне кандыдата да дэкрэта аб дармаедстве, пра тое, ці з’явяцца на беларускім тэлебачанні незалежныя тэлеканалы, на чым будзе базавацца міжнародная палітыка, ці будзе дадзена зялёнае святло беларускай мове, што будзе з вёскай, чым яна будзе займацца ў першы дзень прэзідэнцтва, да чаго схіляецца ў вайсковым плане ― НАТА ці АДКБ, якія рэформы будзе праводзіць у эканоміцы, і ці будзе выплачваць кампенсацыю па савецкіх укладах. Апошняе пытанне выклікае рогат у зале.
― Таццяна Мікалаеўна, вельмі я перажываю як выбаршчык за тое, што вы вырашылі ўвязацца ў гэтае мерапрыемства, ― бярэ слова высокі сівы мужчына. ― Бо гісторыя паказала, што адбывалася потым з такімі людзьмі… І другое пытанне: якія ў вас шанцы? Нас, выбаршчыкаў, 7 мільёнаў, а ў такіх залах збіраюцца па 200 чалавек, і толькі малая частка вас пачула. Я сумняваюся, што ў вас ёсць шансы, дарагая мая Мікалаеўна.
― Я згодная з вамі, што гэта нялёгкі шлях.
― Нялёгкі. Позна вы ўзяліся за гэта.
― Узяліся тады, калі ўзяліся.
― У вас калені трасуцца больш, чым у яе, ― смяюцца ў зале.
― У мяне калені за Беларусь трасуцца за нашу будучыню. Базы гэтыя. Навошта нам гэтыя базы? Паглядзіце на Расію ― яна ўсё жыццё ваюе, у яе кулакі пастаянна чэшуцца. Чаму нам патрэбны нейтралітэт, як вы кажаце? Глядзіце, Гітлер усіх захапіў, а Швейцарыю абышоў, таму што яна была нейтральнай. І Беларусь мусіць быць нейтральнай (усе апладзіруюць).
Гучаць і такія пытанні:
― У нас у горадзе ходзяць чуткі, што вы ездзілі на сустрэчу з Парашэнкам (смех у зале). І з якой мэтай, калі так?
― Калі з Парашэнкам, дык гэта таксама нельга так! ― выкрыквае бабуля. Відаць, што людзі хочуць пераменаў. Але тэлевізар зрабіў сваю працу ― Украіна для беларусаў цяпер падобна да атамнай вайны.
― Я ездзіла ў Львоў для таго, каб пазаўзець за нашу каманду, ― трымае абарону Караткевіч. ― Я не сустракалася з Парашэнкам. Толькі з мэрам горада Андрэем Садовым. Мне было цікава, як працуе сістэма мясцовага самакіравання і як сябе адчувае абраны людзьмі кіраўнік. Ён ідзе па вуліцы, а мясцовыя жыхары просяць з ім сфатаграфавацца. А жыхары Оршы фатаграфуюцца з вашым кіраўніком?
Слова бярэ мужчына ў скураным плашчы і сонечных акулярах:
― Я сам аршанец, жыву ў Мінску, працую ў Маскве. Не па ўласным жаданні народ з'язджае працаваць у Расію і Еўропу, і гэта вельмі шмат людзей. Гэта разумныя, пісьменныя, сімпатычныя людзі, якія пакінулі краіну, каб зарабляць грошы і сюды хоць нешта дасылаць сем'ям. Бізнэс закрыты. Рэалізацыі няма. Гэта каля мільёна чалавек. Яны ўсе за вас. І яны хочуць вярнуцца. Я прыехаў галасаваць. У нас у двары засталіся адны пенсіянеры, алкаголікі і міліцыянеры.
Людзі ўважліва слухаюць, шэпчуцца, каментуюць адказы Караткевіч адзін аднаму. Былы міліцыянер пытаецца пра тое, куды Таццяна, як прэзідэнт, паедзе ў першую чаргу з візітам. І адказ, што гэта можа быць Расія, яго яўна задавальняе. А потым пытае, ці будзе Караткевіч рабіць крокі ў бок Еўрасаюза.
"Сёння мой адказ ― не, таму што мы незалежная краіна, ― нейтральная пазіцыя Караткевіч па многіх пытаннях задавальняе людзей. ― Трэба сёння захаваць сваю незалежнасць. Але мы б хацелі экспартаваць еўрапейскія каштоўнасці сюды ў Беларусь. Таму мы кажам сёння не пра ўступленне, не пра асацыяцыю, а пра нармалізацыю адносінаў. Сёння еўрачыноўнікі, гаворачы пра Беларусь, кажуць, што гатовыя заключыць дамову аб супрацоўніцтве ў розных сферах. І нам трэба на гэта пагаджацца”.
Жонка міліцыянера: Але яны хочуць, каб мы аплачвалі 100 адсоткаў камунальных і транспартных паслуг! Але як можна з заробкам у 2-3 мільёны гэта рабіць?
Караткевіч: Ведаеце, тут вось трэба яшчэ палічыць, колькі мы плацім за камунальныя паслугі! Таму што калі так паглядзець, то нам заробак не выплачваюць на 100 адсоткаў. Спачатку трэба правесці рэвізію і палічыць, як ён налічваецца і колькі мы рэальна атрымліваем.
Пытанні, здаецца, не заканчваюцца: “Апошняя ўлада мае сімвалы ― майбах, самалёт, дзясяткі рэзідэнцый. Што будзе сімвалам улады Таццяны Караткевіч?”
Караткевіч (умее дагадзіць выбаршчыкам): Шчаслівая сям’я беларусаў будзе сімвалам (апладысменты)... Кажуць, у авіяцыі не хапае самалётаў, каб патруляваць неба ― вось аддадзім боінг.
Мужчыны рагочуць: Ён жа пасажырскі!
Здзіўляемся, як Таццяна вытрымлівае такую нагрузку ― за апошнія паўтара месяца 46 гарадоў і вёсак! І паўсюль сустрэчы і размовы з людзьмі…
― Ацаніце сваю кампанію па пяцібальнай сістэме.
― Пяць балаў (усе апладзіруюць).
― Я б паставіў тры.
― Асабіста вы павіншуеце з перамогай Лукашэнку ў ноч з 11 на 12-га?
― Не, натуральна!
― Тут шмат было сказана для разумных і думаючых людзей. Такіх, я лічу, недастаткова, каб выбралі вас. Справа ў тым, што павярнуць мозг народа хутка не атрымаецца. У якія тэрміны можна рэалізаваць усё тое, што вы сказалі? Маю на ўвазе не папулісцкія тэрміны, а рэальныя.
― У мяне ёсць пяць гадоў. Я іх збіраюся выкарыстоўваць максімальна. Я веру ў патэнцыял людзей. Трэба толькі яго разгледзець. Вунь у нас ёсць людзі, якія з’ехалі за мяжу і гатовыя вярнуцца (паказвае на мужчыну ў акулярах). У нас адукаваная нацыя. Нам патрэбны толькі поспех, каб паверыць у свае сілы. А далей усё пойдзе хутка. Да таго ж, мы можам азірнуцца і паглядзець, як гэта перажылі іншыя краіны, навучыцца на чужых памылках. Мы шмат часу згубілі, і кожны дзень вельмі дарагі. Таму нельга чакаць, калі крызіс нас прымусіць пераключыцца ў адзін момант, калі мы, магчыма, станем агрэсіўнымі, каб дабіцца сваёй мэты. Я б хацела, каб мы мабілізаваліся і прынялі рашэнне знутры. Тады мы пачнём развівацца, а сёння мы стаім на месцы.
Троляў, на дзіва, не было. Стомленыя, але натхнёныя сустрэчай людзі развітваюцца з Караткевіч. Прыгожыя жанчыны ціснуць руку і падбадзёрваюць кандыдата ў прэзідэнты. Мужчыны робяць фота на памяць на айфоны. Пазней у мясцовым офісе “Гавары праўду”, якім служыць звычайная вясковая хата з грубкай, Караткевіч дае інтэрв’ю польскім журналістам. Пасля 21-й гадзіны, перакусіўшы, стомлены атрад Таццяны выязджае на Мінск, каб на заўтра рушыць у апошнюю паездку ― у Гомельскую вобласць.