17-гадовага падлетка затрымалі за адміністраванне "радыкальнай тэлеграм-групы"

За антываенную агітацыю затрымалі адмінаў тг-канала / pixabay.com
За антываенную агітацыю затрымалі адмінаў тг-канала / pixabay.com

Следчыя Мінскай вобласці затрымалі чатырох адміністратараў тэлеграм-канала, дзе асуджалася расійская агрэсія супраць Украіны.

Як паведамляе прэс-служба СК, у чэрвені 2022 года ў папулярнай моладзевай сацсетцы з 17-гадовым падлеткам з Касцюковічаў звязаўся невядомы. Хлопцу прапанавалі стаць адмінам ТГ-канала. Пазней сам хлопец дадаў яшчэ трох адмінаў (19 і 27 гадоў).

Як вынікае з паведамлення СК, яны распаўсюджвалі інфармацыю пра ўдзел Беларусі ў шырокамаштабнай агрэсіі, якую Расія развязала супраць Украіны. Гэтыя звесткі следчыя называюць "ілжывымі экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Паведамляецца таксама, быццам адміны "заклікалі астатніх чальцоў закрытай групы нападаць на супрацоўнікаў міліцыі і забіраць у іх зброю, спыняць ваенную тэхніку. Акрамя гэтага ў гэтай жа закрытай групе малады хлопец і яго саўдзельнікі актыўна размяшчалі паведамленні і каментары аб вядзенні дзейнасці тэрарыстычнай накіраванасці, у тым ліку па разбурэнні і пашкоджання шляхоў чыгуначнага і іншага паведамлення, прымяненні зброі і запальнай сумесі пад назвай "кактэйль Молатава", а таксама іншую дэструктыўную інфармацыю".

Самы старэйшы з адмінаў, як заяўляюць у СК, пісаў абразлівыя каментары "ў адносінах да "рускіх", падахвочваў да агрэсіі карыстальнікаў сеткі інтэрнэт да прадстаўнікоў названай нацыянальнасці".

Следчыя паведамляюць, што адзін з адмінаў на момант дзейнасці быў адзінаццацікласнікам сярэдняй школы, астатнія — непрацуючымі.

Ім інкрымінуюць некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 1, ч. 3 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, удзел у экстрэмісцкім фармаванні);
ч. 1, ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, у тым ліку здзейсненае паўторна);
ч. 1 арт. 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці);

Усіх чатырох узялі пад варту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі