37-гадовы расійскі форвард Цярэшчанка згуляе за "Дынама" ў матчы з "Ёкерытам"
37-гадовы расійскі форвард Аляксей Цярэшчанка падпісаў з мінскім "Дынама" пробнае пагадненне і згуляе ў сераду ў матчы з "Ёкерытам". Пра гэта паведаміў галоўны трэнер дынамаўцаў Андрэй Сідарэнка.
"Ён згуляе з "Ёкерытам", — цытуе словы Сідарэнкі прэс-служба ХК "Дынама-Мінск". — Размаўляў з Аляксеем. Гэта вопытны хакеіст і адказны чалавек, які заўсёды быў у камандзе лідарам, з'яўляўся звязуючым звяном у калектыве. Спадзяюся, што ён і ў "Дынама" прадэманструе лідарскія якасці".
Галоўны трэнер адзначыў, што "пра функцыянальны стан Цярэшчанкі яшчэ рана рабіць высновы". 16 снежня яму споўніцца 38 гадоў, але яшчэ да 7 снежня трэнерскі штаб мінчукоў збіраецца "вызначыцца з перспектывамі гульца": ці будзе з ім падпісаны кантракт, ці з ім развітаюцца. Аляксея Цярэшчанку называюць тытулаваным хакеістам. Сапраўды, ён тройчы станавіўся чэмпіёнам свету ў складзе зборнай Расіі. У КХЛ выступаў за маскоўскае "Дынама", "Ак Барс", "Салават Юлаеў". Аднак усе яго перамогі — у мінулым. Хакеіст апошнім часам быў у якасці свабоднага агента.