9 траўня ў Мінску не будзе "Рускага маршу"
Клуб заўзятараў Russia Unites не плануе арганізоўваць такую акцыю ў Дзень Перамогі і ў дзень старту хакейнага чэмпіянату свету ў Беларусі.
Пра гэта заявіў прэзідэнт згаданага клуба Эдуард Латыпаў. Ён наракае на шэраг СМІ, якія паведамілі пра запланаваны хакейнымі заўзятарамі з Расіі нейкі "Рускі марш" у Мінску. У чытачоў магло скласціся ўражанне, што па беларускай сталіцы пройдзе "натоўп рускіх нацыяналістаў", якія будуць несці імперыялістычныя сцягі і крычаць "Слава Расіі", са шкадаваннем кажа Латыпаў.
Прэзідэнт Russia Unites заявіў, што насамрэч ёсць дамоўленасць з мінскімі ўладамі, што расійскія заўзятары прымуць удзел у афіцыйных мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі. Ён нагадаў, што і ў Беларусі, і ў Расіі — гэта дзяржаўнае свята. Таму няма нічога дзіўнага, што расіяне, якія прыехалі на сусветнае першынство ў Беларусь, паўдзельнічаюць у мерапрыемствах, запланаваных беларускімі ўладамі, пераказвае словы Латыпава БелаПАН.
Фота — ria.ru