Абстрэл Харкава і заходняя дапамога для Украіны — 350-я раніца вайны

Украінскія вайскоўцы чакаюць падмацаванне — нямецкія танкі / facebook.com/GeneralStaff.ua
Украінскія вайскоўцы чакаюць падмацаванне — нямецкія танкі / facebook.com/GeneralStaff.ua

Мінулым вечарам быў нанесены ракетны ўдар па Харкаву. Ёсць трапленні ў цэнтральнай частцы горада. "Папярэдне С-300, ад 6 да 10 ракет", кажа старшыня Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Пра шэсць "прылётаў" паведамляе і мэр горада Ігар Церахаў. Паводле яго, мэтай расіян быў прамысловы аб'ект у Кіеўскім раёне горада. На месцы аднаго з удараў узнік пажар. Церахаў таксама публікуе фота з Цэнтральнага парку. Парк таксама пацярпеў.

Обстрел Харькова и западная помощь для Украины — 350-е утро войны
Варонка ў Цэнтральным парку Харкава / @ihor_terekhov

Расіяне працягваюць штурмаваць Бахмут. Па дадзеных расійскага ваеннага блогера, "падраздзяленні вайсковай кампаніі "Вагнер" замацаваліся на паўночнай ускраіне" горада. Ідуць жорсткія баі. Гэтая ж крыніца паведамляе, што "у цалкам разбуранай Мар'інцы ўкраінскія войскі, нягледзячы на вялікія страты, працягваюць весці адчайны супраціў". А ў раёне Угледара "расійская рэактыўная артылерыя і авіяцыя працягвае наносіць рэгулярныя ўдары па перадавых пазіцыях праціўніка".

Ва ўкраінскім Генштабе сітуацыю апісваюць так: "праціўнік, спрабуючы ўзяць пад поўны кантроль Данецкую і Луганскую вобласці, працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках у раёнах Крэмянной, Бахмута, Аўдзееўкі, Опытнага, Мар'інкі і Угледара". Толькі на Бахмуцкім напрамку ў мінулыя суткі пад абстрэламі былі больш за 30 населеных пунктаў.

Поўдзень Украіны — Запарожская і Херсонская вобласці — таксама знаходзяцца пад пастаянным агнём.

Обстрел Харькова и западная помощь для Украины — 350-е утро войны
Карта боев в Донецкой области / understandingwar.org

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў новых кіраўнікоў Днепрапятроўскай, Запарожскай і Херсонскай абласных дзяржаўных адміністрацый. Усе новыя кіраўнікі — сілавікі. Днепрапятроўскую адміністрацыю  ўзначаліў Сяргей Лысак, да нядаўняга часу кіраўнік днепрапятроўскага Упраўлення Службы бяспекі Украіны. Старшынёй Запарожскай адміністрацыі стаў Юрый Малашка, па дадзеных СМІ, таксама афіцэр СБУ. На пасаду кіраўніка Херсонскай адміністрацыі прызначаны Аляксандр Пракудзін, які да лютага 2022 года быў начальнікам рэгіянальнага упраўлення Нацпаліцыі вобласці.

Па словах Зяленскага, у органах цэнтральнай і мясцовай улады зараз павінна быць больш людзей, якія атрымалі ваенны вопыт. Пра гэта ён заявіў у традыцыйным відэазвароце.

"Расія груба памыляецца, калі думае, што хтосьці стоміцца змагацца са злом, якое яна нясе", — напісаў учора ўвечары ў Twitter міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба. Гэтую заяву ён зрабіў пасля тэлефоннай размовы з дзяржсакратаром Злучаных Штатаў Энтані Блінкенам. Са слоў украінскага міністра, размова тычылася новай вайсковай дапамогі, новых санкцый супраць Расіі і падрыхтоўкі важных мерапрыемстваў "у кантэксце надыходзячай гадавіны поўнамаштабнага ўварвання РФ".

Раней тэлекампанія NBC са спасылкай на крыніцы ў Адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна, нагадаем, паведамляла, што ў ЗША абмяркоўваюць абвяшчэнне яшчэ аднаго буйнога пакета вайсковай дапамогі для Украіны, прымеркаванага да гадавіны расійскага ўварвання.

Германія паабяцала, што першыя нямецкія танкі Leopard 2 A6 паступяць ва Украіну ўжо ў канцы сакавіка. Пра гэта паведамляе ў Twitter Федэральнае міністэрства абароны Германіі. Усяго ФРГ абвясціла аб перадачы 14 танкаў Leopard 2. І яшчэ прыкладна 80 танкаў Leopard А1 Украіна атрымае да канца 2023 года. Усяго плануюць паставіць больш за 100 адзінак.

Тым часам немецкі міністр абароны Барыс Пісторыус даў інтэрв'ю выданню Bild і заявіў, што свет быў бы лепш, калі б у ім не было расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Журналіст спытаў яго аб магчымым свеце без расійскага дыктатара. "Без ваганняў і без кампрамісаў — свет без Пуціна быў бы лепшы", — сказаў кіраўнік Мінабароны ФРГ.

Каментуючы пагрозы расійскіх СМІ аб ядзерных ударах па аб'ектах Германіі, Пісторыус сказаў, што яго яны не палохаюць. "Адно адбываецца ўнутры, а другое адбываецца ў прапагандзе. У рэшце рэшт, ніхто з нас не ведае, што робіць Пуцін, але гэта не павінна перашкаджаць нам аказваць разумную падтрымку сумесна з нашымі саюзнікамі", — сказаў ён. Паводле яго слоў, "Украіна змагаецца неверагодна адважна. У яе выдатныя салдаты". Пісторыус лічыць вельмі важным працягваць падтрымліваць Украіну ў меру магчымасцяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі