Беларуса Сяргея Ерамеева ў суботу прывязуць у Басманны суд Масквы
Сяргей Ерамееў у судзе ў Омску, снежань 2023 года
Беларуса Сяргея Ерамеева ў суботу, 27 красавіка, а 14-й гадзіне прывязуць у Басманны суд Масквы. Яму будуць працягваць меру стрымання, паведамляюць расійскія праваабаронцы. Яны заклікаюць людзей прыйсці ў суд, каб Ерамееў адчуў падтрымку, калі яго будуць весці па калідоры. Само слуханне будзе закрытым.
Сяргея Ерамеева абвінавачваюць у падрыве двух грузавых цягнікоў у Бураціі ў РФ у лістападзе 2023 года. Дыверсія была паспяховая — рух на БАМе цалкам спыняўся. "Праз БАМ цяпер вязуць боепрыпасы [для вайны супраць Украіны]. Галоўная мэта была — перашкодзіць руху", — сказаў грамадзянін Беларусі ў судзе.
Ерамееў раней працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у страйку ў 2020 годзе, быў звольнены з палітычных матываў. Па версіі ФСБ, ён прывёз на аўтамабілі з Беларусі ў Бурацію магнітныя міны і заклаў на цыстэрнах грузавых цягнікоў. Пасля дыверсіі ў Расіі ў Беларусі прайшлі затрыманні. У Полацку і Наваполацку супрацоўнікі КДБ прыйшлі да дзясяткаў мясцовых жыхароў.
52-гадовага Сяргея Ерамеева затрымалі ў Омску ў пачатку снежня мінулага года. У наступныя месяцы яго не маглі знайсці адвакаты — не было вядома, дзе заходзіцца беларус. У сярэдзіне лютага беларускія праваабаронцы запатрабавалі паказаць Ерамеева. У сакавіку стала вядома, што ён знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА "Лефортава". Да яго не пускалі адваката.
Сяргея Ерамеева прывозілі з РФ на следчыя дзеянні ў Беларусь. Сцвярджаецца, што ён завёз у Расію міны, якія раней былі перапраўленыя з Украіны і знаходзіліся ў схованцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.