Да беларуса, якога абвінавачваюць у падрыве цягнікоў, не пускаюць адваката

Сяргей Ерамееў

Сяргей Ерамееў / Белсат

Да беларуса Сяргея Ерамеева, якога затрымалі ў Расіі па падазрэнні ў падрыве двух цягнікоў на БАМе, не пускаюць адваката, паведамляе кіраўнік By_Help Аляксей Лявончык.

Па словах Лявончыка, вядома, што абвінавачаны знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА "Лефортава". Адваката да яго не пускаюць нібыта праз адсутнасць дазволу следчага, імя якога не паведамляюць. Калі ўсё ж атрымліваецца адшукаць следчага, той адмаўляе ў сустрэчы адваката з падабаронным, бо няма дамовы аб абароне ад родных Ерамеева. Усё гэта ніяк не адпавядае расійскім законам, кажа сузаснавальнік By_Help.

"Суду. Патрэбны. Дазвол. Следчага. Каб. Паглядзець. Імя. Следчага. Нічо, нармальная беларуская гісторыя", — піша Лявончык. І дадае, што ў справах іншых людзей, якіх абвінавачвалі ў дыверсіях у Расіі, назіралася тая ж тэндэнцыя — да іх не пускалі незалежных адвакатаў. Гэта робіцца для таго, упэўнены актывіст, "каб прымусіць чалавека ў ізаляцыі прызнаць сваю віну з фармальнай прысутнасцю прызначанага дзяржаўнага адваката".

Пра затрыманне былога супрацоўніка "Нафтана" Сяргея Ерамеева ФСБ паведаміла 7 снежня 2023 года. Яго абвінавацілі ў падрыве грузавых цягнікоў на БАМе. Першы загарэўся 29 лістапада, другі — на наступны дзень. У Расіі назвалі тое, што адбылося тэрактам. Па версіі ФСБ, у грамадзяніна Беларусі нібыта было заданне ад іншага беларуса, які жыве ў Літве і "дзейнічае пад кантролем спецслужбаў Украіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі