А.Буяльскі: 6-е месца на Алімпіядзе — гэта вынік, якому шмат хто зайздросціць

Жаночая зборная па баскетболе не здолела прабіцца ў паўфінал алімпійскага турніру. На стадыі чвэрцьфіналу наша каманда прайграла гаспадарам Гульняў з буйным лікам 62:77. У выніку Беларусь заняла 6-е месца. Галоўны трэнер нашай каманды Анатоль Буяльскі ў размове з Еўрарадыё адзначыў, што нягледзячы на пройгрыш, удзел беларускіх баскетбалістак на Алімпіядзе — гэта вялікае дасягненне.
“Шостае месца на Алімпійскіх гульнях — гэта вынік, якому шмат хто зайздросціць”.

На думку трэнера, нашы спартсменкі не здолелі перамагчы кітаянак, таму што “перагарэлі”.

“Я думаю, што перагарэлі ў поўным сэнсе гэтага слова. Было такое жаданне, такая самааддача… Яно перакрыла ўсё. Розум адключыўся. Кідаліся на гэты мяч. Калі б была прорва, то кінуліся б у прорву. Гульня не ўдалася. Цяжка абвінавачваць у гэтым некага. Толькі словы ўдзячнасці дзяўчатам, што яны змагаліся да апошняга. Нават калі здавалася, што матч быў прайграны цалкам”.


Шмат з тых, хто сёння ранкам сачыў за гульнёй беларусак, наракаў на судзейства. Анатоль Буяльскі таксама не вельмі задаволены дзеяннямі суддзяў.

“Судзейства крыху, канешне, было… Калі браць па штрафных, то ў пяць разоў перавага ў кітаянак: мы прабівалі 4 штрафныя, яны ў 5 разоў больш… Шмат, хто старонні казаў, што нават калі б гульня была роўная па ліку, наўрад ці мы змаглі выйграць”.


Дарэчы, жаночая зборная па баскетболе адзіная беларуская дружына, якая трапіла на Алімпіяду ў гульнявых відах спорту. Прычым, упершыню ў гісторыі нашай краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі