Трэш-мільённік: чаму блогер Мелстрой такі знакаміты

Хто такі Мелстрой?

Хто такі Мелстрой? / @rubanau_collage

Гэтаму беларусу перадавалі прывітанне Гітанас Наўседа і Кіліян Мбапэ, на яго заведзеныя справы ў Беларусі і Расіі, а мемы з ягоным удзелам разыходзяцца не толькі ў рускамоўным інтэрнэце, але і ў заходніх краінах.

Усё гэта пра 25-гадовага гамельчука Андрэя Бурыма, больш вядомага пад нікам Mellstroy. Хто гэта такі і адкуль такая шалёная папулярнасць? Еўрарадыё расказвае асноўнае з біяграфіі трэш-стрымера.

 

Хто такі гэты Mellstroy?

Андрэй Бурым нарадзіўся ў 1998 годзе ў Гомелі. Мяркуючы па ўсім, у школе будучы блогер вучыўся не вельмі добра: пасля 9 класа ён пайшоў вучыцца на аўтамеханіка. Надоўга яго не хапіла: у 2017 годзе ён кінуў вучобу і завёў ютуб-канал.

Спачатку Бурым запісваў ролікі пра гульні Minecraft і Dota 2, але неўзабаве перайшоў да трэш-стрымаў: прапаноўваў дзяўчатам распрануцца ў абмен на ўдзел у трансляцыях і "папулярнасць".

Тады ў Беларусі на яго завялі крымінальную справу за выраб і распаўсюд порна, але неўзабаве яе спынілі праз недастатковасць доказаў.

Папулярнасць да Мелстроя прыйшла ў 2020 годзе падчас пандэміі каранавіруса, калі ў самым цэнтры Масквы ён пачаў ладзіць вечарынкі, запрашаючы вядомых у Расіі мадэлек і блогераў. Свае вечарыны ён паказваў у жывым эфіры. Акрамя гэтага, блогер плаціў гасцям за наведванне стрымаў і прапаноўваў грошы за выкананне абсурдных заданняў.

Кто такой блогер Mellstroy и почему он так знаменит
Мелстрой / cq.ru

На адной з такіх вечарынак Бурым ударыў дзяўчыну галавой аб стол — за гэта ў Расіі яго прыгаварылі да шасці месяцаў папраўчых работ і абавязалі выплаціць ахвяры кампенсацыю.

Новая хваля папулярнасці прыйшла да яго летам 2023 года. Тады ён заходзіў на стрымы да блогераў і за вялікія сумы прасіў выконваць іх свае заданні: напрыклад, пагаліцца нагала.

 

Адкуль у Мелстроя грошы?

Бурым даўно займаецца рэкламай анлайн-казіно, за што яго крытыкуюць нават фанаты.

Як ён сам расказваў у сваіх стрымах, ён забірае працэнт ад пройгрышаў карыстальнікаў, якія перайшлі па спасылках, размешчаных у яго стрымах.

 

Чаму ён такі папулярны?

Мелстрой набыў велізарную вядомасць не толькі ў рускамоўным сегменце інтэрнэту.

Мемаў пра Мелстроя ў Тык-Току і Instagram поўна і на польскай, і англійскай. Каментары замежнікаў часцей станоўчыя: многія пішуць, што "гэты хлопец разбурае моўныя бар'еры", і "рэспектуюць" яму.

За часткай мемаў таксама стаяць грошы — ці жаданне іх атрымаць. Аўтарам відэа, якія стануць папулярнымі, Бурым абяцае па 200$ за ролік. Некаторыя пісалі, што грошы нібыта прыходзілі, але многія выплат так і не дачакаліся.

Кто такой блогер Mellstroy и почему он так знаменит
Наўседа перадаў прывітанне Мелстрою / BAZA

У нейкі момант Бурым запусціў піяр-кампанію, у якой абяцаў любому, хто выканае яго заданне, грошы.

Напрыклад, ён паабяцаў 2 мільёны долараў таму, хто здыме прэзідэнта любой краіны свету на камеру, які перадасць Бурыму "прывітанне". Просьба была выкананая: хлопчык з Літвы дамогся свайго і запісаў на відэа Гітанаса Наўседу. Але блогер не выканаў абяцання і заявіў, што за такое відэа можа выдаць максімум 150 тысяч долараў. Праўда, ці дачакаўся хлопчык хоць бы тых грошай, інфармацыі таксама няма.

Акрамя Наўседы Мелстрою перадаваў прывітанне футбаліст Кіліян Мбапэ, а найвядомейшы амерыканскі блогер MrBeats падпісаўся на яго акаўнт у Instagram. Ці заплаціў за гэтыя ролікі Бурым іх аўтарам хоць сколькі — ніхто не ведае.

За размяшчэнне свайго нікнэйма на Месяцы Андрэй абяцаў мільярд расійскіх рублёў (амаль 12 мільёнаў долараў). У сакавіку гэтага года адзін хлопец апублікаваў доказ, што змог адправіць таблічку з надпісам Mellstroy на спадарожнік Зямлі. У адказ блогер... заблакаваў хлопца.

У сакавіку гэтага года Мелстрой пабіў рэкорд рускамоўнага інтэрнэту — яго стрым адначасова глядзелі 720 тысяч гледачоў. Але і тут не абышлося без скандалаў: блогера абвінавацілі ў накручваннях, бо стрым праходзіў не на Twitch, а на малавядомай і не такой празрыстай платформе.

 

Стаўленне да Мелстроя

Многія лічаць бурым махляром. Нават уплывовыя палітыкі.

Напрыклад, прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевічс назваў Мелстроя махляром і заклікаў не выконваць яго заданні.

Акрамя гэтага, у Бурыма пастаянна ўзнікаюць праблемы з законам. Так, у Беларусі яго шукаюць за ўхіленне ад службы ў войску (гэта значыць ён у вышуку і на тэрыторыі РФ). А нядаўна ён абразіў наведвальнікаў у адным з дубайскіх гатэляў, таму быў вымушаны пакінуць ААЭ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі