“Варушняк” vs “Гучна-фэст”. Чаму два беларускія фэсты паставілі на адзін дзень

Беларускія слухачы ў замежжы нарасхват

Беларускія слухачы ў замежжы нарасхват / @rubanau_collage

29 чэрвеня ў Варшаве прыкладна ў адзін час на розных пляцоўках пройдуць два розныя беларускія фестывалі: музыкальна-адукацыйны Hučna Fest на беразе Віслы і музычны рэйв Varushniak Kupalle ў клубе Rejs. Адразу ўзнікае пытанне: няўжо фэсты немагчыма было развесці на розныя выходныя, каб у іх паўдзельнічала болей беларусаў?

Ці арганізатарам фестываляў у Варшаве ўжо настолькі сумна, што мала проста арганізаваць свой івэнт — трэба дадаць яшчэ адзін узровень складанасці ў выглядзе канкурэнцыі? Еўрарадыё атрымала каментары ад прадстаўнікоў абедзвюх падзеяў.

Мы паведамілі пра сваю дату — яны праігнорылі

Паліна Бродзік, кіраўніца Free Belarus Center, які арганізоўвае “Гучна-фэст”, расказала ў каментарах пад пастом пра расклад фестываляў, што спрабавала дамовіцца з “Варушняком” пра розныя даты яшчэ пры канцы мінулага года. Але камунікацыя не склалася.

“Мы прыйшлі дамаўляцца з “Варушняком” і “Тутакай” [яшчэ адзін летні беларускі фестываль — на Падляшшы. — Еўрарадыё] яшчэ ўвосень. Першыя сказалі, што яшчэ не думалі пра даты. Мы пачалі рыхтавацца і дамаўляцца з партнёрамі і выступоўцамі, спецыяльна выбралі чэрвень з разліку, што два іншыя фестывалі раней адбываліся ў ліпені. Паведамілі пра выбраную [намі] дату калегам з “Варушняка”. Калегі праігнорылі. А потым праз некалькі тыдняў вярнуліся і сказалі, што выбралі сваю дату — у той жа самы дзень, але ім усё роўна”. 

“Варушняк” vs “Гучна-фэст”. Чаму два беларускія фэсты паставілі на адзін дзень
Афіша фестываля "Гучна фэст" / @freebelaruscenter

У каманды “Гучна-фэсту” на той момант ужо была пададзеная заяўка на мерапрыемства ў гарадскую адміністрацыю Варшавы. Адступаць не было куды. 

“Такія дазволы нярэдка атрымліваюць у Польшчы некалькі месяцаў. Першы анонс фестывалю мы апублікавалі яшчэ ўзімку. Так што “Варушняк” ведаў, што ў гэты дзень ёсць “Гучна-фэст”. Мы спрабавалі развесці даты, але яны зрабілі свой выбар свядома”.

“Можна гуляць ад пляцоўкі да пляцоўкі 24 гадзіны”

Арганізатары “Варушняка” патлумачылі, што выбіралі дату падзеі, адштурхоўваючыся ад шэрагу фактараў, і 29 чэрвеня выявілася найлепшым варыянтам.

“Мы ўлічвалі блізкія да Купалля даты, дасяжнасць пляцоўкі Rejs Club, даступнасць артыстаў ды графікі буйных польскіх электронных музычных фестываляў. Дзіўна было б ладзіць Купалле ў жніўні. 

У сваю чаргу, у каманды “Гучна-фэсту” таксама былі свае фактары, якія сышліся на 29 чэрвеня”. 

Арганізатары “Варушняка” не бачаць у сітуацыі вялікай праблемы. Маўляў, цяпер у Варшаве, ды і агулам у Польшчы, жыве шмат беларусаў і беларусак з рознымі густамі, якім цікава наведваць розныя культурныя падзеі. Гледачоў хопіць на ўсіх.

“У людзей ёсць запыт — і гэта крута! “Гучна-фэст” — фармат поп-рок, лекцыі, кніжны кірмаш і актыўнасці ад беларускіх грамадскіх ініцыятываў. “Варушняк” пераасэнсоўвае традыцыі Купалля. Цягам 24 гадзін нон-стоп у нас зайграюць 30+ актуальных беларускіх артыстаў і артыстак, у якіх мы бачым патэнцыял росту і выхаду на міжнародны музычны рынак. Жывыя выступы каля вогнішча, розная электроніка ды начныя тэхна-карагоды да ранку”.

“Варушняк” vs “Гучна-фэст”. Чаму два беларускія фэсты паставілі на адзін дзень
Афіша падзеі "Варушняк Купалле" / @varushniak

Гадоў пяць таму і ўявіць было складана, што ў Варшаве будзе столькі беларускай культуры. А сёння мы маем два фэсты ў адзін дзень, і ўсім гэта ОК.

“Можна гуляць ад пляцоўкі да пляцоўкі 24 гадзіны. Гэта і ёсць беларуская салідарнасць, а таксама дзейны спосаб прыцягваць увагу да Беларусі ды нагадваць, якія мы неверагодныя”.

Так было ў Беларусі, так будзе і тут

Выпадак з незапланаванай канкурэнцыяй дзвюх культурных падзей — частая з’ява ў беларускай прасторы. Маецца на ўвазе — частая і ў Беларусі да 2020 года. Пра гэта кажа асоба, дасведчаная у сферы прамоўтынгу ў краіне:

“Так было ў Беларусі, так будзе і тутАрганізатары мелі зносіны паміж сабой. У адных упэўненасць у сваёй публіцы, у іншых — упэўненасць ва ўласных спонсарах. Мы ў Мінску называлі гэта "цягнуць коўдру на сябе". Адметная беларуская рыса. 1-га чэрвеня таксама было сутыкненне пяці беларускіх музычных івэнтаў”.

— Чаму арганізатары фэстаў так упэўненыя, што публікі хопіць на ўсіх?

“Таму што ў Варшаве так яно і ёсць. Насамрэч”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі