Адмін "сініх" зліўся, "чырвоныя" засталіся: куды падзеліся кіберпартызаны?

"Сінія" сышлі, "чырвоныя" засталіся / Фэйсбук
"Сінія" сышлі, "чырвоныя" засталіся / Фэйсбук

У жніўні 2020 года пра сябе заявілі дзве групы беларускіх хакераў — "сінія" і "чырвоныя". Праз некаторы час "сінія" адышлі ад спраў. Еўрарадыё пагутарыла з прадстаўнікамі "чырвоных" кіберпартызанаў, якія таксама вядуць тг-канал "Кібер-злівы". Яны распавялі нам пра свае маральныя прынцыпы, пра тое, як выбіраюць "ахвяр" і чаму да гэтага часу не зламалі банкаўскую сістэму — хоць і збіраліся.

Што адбылося паміж "сінімі" і "чырвонымі”

“Кіберпартызаны”: Нас называюць "чырвоныя", часам "белыя". "Сінія" зліліся — іх адмін псіхануў, выдаліў свой канал у кастрычніку. Мы спрабавалі супрацоўнічаць з імі, але ў іх адміна асноўная мэта была — запусціць крыптавалюту. Мы не сышліся. Ён часта пісаў пра нашы ўзломы/атакі, выдаючы іх за свае. Ну ок, нам гэта крыху перашкаджала, але, па вялікім рахунку, было пофіг. Але калі ён пачаў абяцаць пакласці банкаўскую сістэму, падатковую і іншае — і потым гэтага не зрабіў, нас гэта вельмі абурыла, бо потым нашу групу крытыкавалі за гэта. І калі ён абвясціў аб запуску крыптавалюты, мы вырашылі, што трэба даць усім ведаць, што наша група да гэтага не мае дачынення.

Важна ўдакладніць, што хоць адмін "сініх" і зліўся, многія з іх далучыліся да нас або супрацоўнічаюць з намі.

Еўрарадыё: У кожнага чалавека ёсць права на тайну перапіскі. А вы сваімі злівамі яго парушаеце.

“Кіберпартызаны”: З нашага пункту гледжання, на дадзены момант гэта права не гарантавана ў РБ — ёсць пастаянная праслухоўка размоў/перапісак [сілавікамі. — Еўрарадыё].

Еўрарадыё: Вы апублікавалі, напрыклад, перапіску прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай. Але яна ж не баец АМАП, не затрымлівала людзей.

“Кіберпартызаны”: Яна саўдзельнік узурпацыі ўлады, з дапамогай яе прапаганды многія супрацоўнікі МУС і частка грамадзян дэзінфармаваныя. Нявінных людзей затрымліваюць, садзяць, вядуць рэпрэсіі.

Админ “синих” слился, “красные” остались: куда подевались киберпартизаны?
Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава / Еўрарадыё

Еўрарадыё: Чаму вас дагэтуль не абвясцілі экстрэмісцкім каналам?

“Кіберпартызаны”: Добрае пытанне. Я думаю, яны не хочуць нас піярыць. Прызнанне экстрэмісцкім легітымізуе канал у вачах людзей.

Што там з банкамі?

Еўрарадыё: “Сінія” гразіліся зламаць банкаўскую сістэму, вы такіх гучных заяў не робіце. Чаму?

“Кіберпартызаны”: Мы не адмовіліся ад гэтага, проста такога роду ўзломы займаюць вельмі шмат часу. І аб'яўляць пра іх загадзя бессэнсоўна, гэта дазволіць абараніцца.

Еўрарадыё: Наогул, такое адчуванне, што актыўнасць "кіберпартызанаў" сышла на не.

“Кіберпартызаны”: Вось далёка не поўны спіс тых праектаў, якія ўжо ўдалося ажыццявіць: змена эфіру БТ+АНТ; узлом і шыфраванне баз дадзеных, дакументаў і бэкапаў Акадэміі кіравання; забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі падчас пратэстаў; забеспячэнне сувязі падчас пратэстаў; узлом унутраных баз дадзеных і масавыя апублікаванні асабістых дадзеных АМАП, СК; узлом і нанясенне шкоды сетцы і базам дадзеных аддзела прымусовага выканання; узлом дзяржсайтаў; узлом базы дадзеных ГХУ Кіраўніцтва справамі прэзідэнта; узлом Акадэміі МУС; узлом мэйлаў сілавікоў, МУС, Эйсмант, Чамаданавых, Баскава, суддзяў, БТ, прафсаюзаў. Гэта далёка не ўсё, а толькі частка таго, што мы гатовыя апублікаваць на дадзены момант. Ёсць і іншыя атакі, пра якія мы пакуль не можам расказаць для захавання доступу і бяспекі крыніц.

Админ “синих” слился, “красные” остались: куда подевались киберпартизаны?
Уваход у Нацбанк Беларусі / Еўрарадыё

Фільтруем цэлі

Еўрарадыё: Па якіх крытэрыях вы выбіраеце свае цэлі?

“Кіберпартызаны”: Мы атакуем чыноўнікаў/карнікаў/памагатых рэжыму — усіх, каго толькі можам. Звычайна [канал прызнаны экстрэмісцкім] і [канал прызнаны экстрэмісцкім] робяць добрую фільтрацыю цэляў. Раімся з забароненым каналам былых сілавікоў, а таксама з самым масавым экстрэмісцкім каналам. Амаль з усімі каналамі ў нас ёсць сувязь, з некаторымі арганізацыямі ёсць сувязь неафіцыйна.

Мы лічым, што імёны супрацоўнікаў дзяржустаноў павінны быць апублікаваныя. Яны працуюць на народ — у народа ёсць права ведаць, хто яны. У краіне, дзе выконваюцца законы, ім няма чаго баяцца, калі яны не здзяйсняюць злачынствы. Што тычыцца, напрыклад, МНС — яны ўдзельнічаюць у рэпрэсіях. Калі народ не лічыць, што яны ў чым-небудзь вінаватыя, то абнародаванне іх дадзеных не наносіць ім ніякай шкоды. Чаму ж яны ўсе так хвалююцца?

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце страты, які нанеслі вашы дзеянні?

“Кіберпартызаны”: Сілавікі заводзяць крымінальныя справы, вядуць расследавання, марнуюць рэсурсы. Часам ёсць рэакцыя ў сацсетках і асабістых паведамленнях, дзе "ахвяр" крытыкуюць іх знаёмыя. Нам таксама часам пішуць людзі са спісаў, просяць выдаліць іх, баяцца, што іх будуць асуджаць ці яшчэ горш. Мы часта выдалялі, калі быў сумнеў або было зразумела, што супрацоўнік звольніўся і не здзяйсняў цяжкіх злачынстваў.

Пакуль не сустрэлі сур'ёзных перашкод

Еўрарадыё: Вы таксама нямала інфармацыі апублікавалі пра суддзяў. Чаму да іх такая пільная ўвага?

“Кіберпартызаны”: Мы звярнулі ўвагу на тое, што большая частка жыхароў Беларусі яшчэ лічыць, што ёсць магчымасць нешта зрабіць у прававым полі. Мы вырашылі паказаць людзям, што законы і суды не працуюць. Дакладней, працуюць, але не на карысць народа. Усе павінны пра гэта ведаць.

Еўрарадыё: Пасля ўзлому судзейскіх акаўнтаў вы вялі дыялог ад імя суддзяў. Людзі, якія з вамі размаўлялі, не распазналі падвоху?

“Кіберпартызаны”: Часта не распазнаюць. А часам і пасля таго, як яны разумеюць, што гэта мы, развіваецца дыялог. Мы хутка апублікуем два такія выпадкі. Звычайна яны спрабуюць адмазаць таго, каго мы атакавалі, пачынаюць нас вінаваціць, спрабуюць нас дэаноніць. Зліў не заб'е рэжым, але аказвае псіхалагічны ціск.

Админ “синих” слился, “красные” остались: куда подевались киберпартизаны?
“Кіберпартызаны” сцвярджаюць, што ўзламалі пошту старэйшага памочніка пракурора Вольгі Дзіндзілевіч / Тэлеграм

Еўрарадыё: Улады аказваюць супраціў вашым атакам?

“Кіберпартызаны”: Так, быў адзін выпадак, калі мы ўзламалі ўнутраную сетку. Нас заўважылі і доўга спрабавалі выдварыць. У выніку ў іх атрымалася. Мы таксама ведаем, што сілавікі зараз спрабуюць заткнуць дзіркі ў дзяржсетках. Але ў іх жудасны дэфіцыт кадраў у вобласці інфармацыйнай бяспекі. Звычайна нас не заўважаюць да самага канца.

Еўрарадыё: Каго-небудзь з "вашых" ужо вылічылі сілавікі?

“Кіберпартызаны”: Не.

Еўрарадыё: Ёсць версіі пра тое, як сілавікі высочваюць адміністратараў пратэстных чатаў?

“Кіберпартызаны”: Праз знаёмых, выпадкова, з-за неасцярожнасці адмінаў. Мы не вывучалі кожны выпадак затрымання, так што складана сказаць. Выконваючы элементарныя прынцыпы інфабяспекі, можна істотна знізіць верагоднасць дэанону. У нас гэта быццам атрымліваецца нядрэнна ўжо 9 месяцаў.

Напрыклад, інтэрнэтам карыстацца толькі праз VPN. Зарэгістраваць тэлеграм на левы віртуальны нумар або левую сімку па-за РБ/РФ, уключыць двухэтапную аўтэнтыфікацыю. На анлайн-сэрвісах РБ і РФ пісаць толькі пра коцікаў і пра надвор'е, ну і гэтак далей. Для адмінаў каналаў ёсць яшчэ некалькі мер, якія варта прыняць. Мы працуем над артыкулам на гэтую тэму. І наогул, мы выклалі свой план на канале @cpartisans [яшчэ не прызнаны экстрэмісцкім у Беларусі. — Еўрарадыё], хто хоча, хай чытае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі