Асмалоўку могуць знесці. Чыноўнікі: Абмеркаванне — гэта не знос
Архітэктары “Мінскграда” распрацавалі праект дэтальнага планавання Асмалоўкі (раён двухпавярховай пасляваеннай забудовы у раёне вуліц Багдановіча і Кісялёва). Па праекце бачна, што раён могуць знесці: замест двухпавярховых дамоў збудаваць 5-6 павярховыя дамы з падземнай паркоўкай. Таксама па праекце плануецца пабудаваць два дзіцячыя садкі на 50 і 70 месцаў.
Спрэчка вакол гэтага раёна вядзецца не першы год, жыхары і проста неабыякавыя мінчане баяцца, што цяпер раён дакладна знясуць. Але ў аддзеле архітэктуры і будаўніцтва Цэнтральнага раёна запэўніваюць, што ўсё вырашыцца на абмеркаванні. Пра гэта Еўрарадыё распавяла яго супрацоўніца.
Супрацоўніца аддзела архітэктуры: “Абмеркаванне — гэта ж не знос. Пакуль толькі заяўленае грамадскае абмеркаванне, за 10 дзён да самога абмеркавання. Гэта працэдура, якая існуе для ўнясення карэктыровак у праект дэтальнага планавання. Бо пакуль гэта ж толькі праект”.
Раён Асмалоўкі называюць першым спальным раёнам Мінска, забудова якога мае мастацкую каштоўнасць. Раён быў пабудаваны адразу пасля Другой сусветнай вайны, верагодна, немцамі. Усе дамы ў гэтым раёне не вышэй за два паверха. Некалькі разоў спецыялісты звярталіся ў Міністэрства культуры, каб забудове ў Асмалоўцы надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Але такі статус раён так і не атрымаў.
Прэзентацыя праекта забудовы адбудзецца 26 чэрвеня ў 18:30 у будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна (Мельнікайтэ, 6).