Акцыі пратэсту ў Расіі “Ён нам не цар” скончыліся затрыманнямі 1600 чалавек
Акцыі пратэсту ў Расіі “Ён нам не цар” скончыліся затрыманнямі 1600 чалавек, перадае ВВС. Людзі выходзілі на вуліцы шэрагу буйных расійскіх гарадоў, каб выказаць свой пратэст супраць інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна, прызначанай на 7 траўня. Мітынгоўцы таксама выступалі з антыкарупцыйнымі лозунгамі, пратэставалі супраць цэнзуры і парушэння правоў чалавека.
Сярод затрыманых быў лідар расійскай апазіцыі Аляксей Навальны — яго адпусцілі з паліцыі сёння раніцай. Таксама паліцыя затрымала некалькіх карэспандэнтаў незалежных СМІ. Апроч таго, у Маскве затрымалі 14-гадовага падлетка, які не збіраўся ўдзельнічаць у акцыі ды ішоў паўз месца яе правядзення ў госці разам з сябрам. Хлопец прабыў у пастарунку да позняга вечара.
На акцыях прысутнічалі прадстаўнікі праўладных рухаў, якія правакавалі бойкі. Паліцыя дзейнічала жорстка. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, некаторыя ўдзельнікі былі моцна збітыя і атрымалі траўмы.