Стала вядома, як пракалоліся палякі, якія збілі паплечніка Навальнага ў Вільні

Леанід Волкаў пасля нападу

Леанід Волкаў пасля нападу / ФБК

Мужчын, якіх падазраюць у нападзе на Леаніда Волкава ў Вільні на замову беларуса, удалося знайсці праз тое, што яны размаўлялі паміж сабой па-польску. Пра падрабязнасці інцыдэнту піша Rzeczpospolita.

Знайсці падазраваных удалося менш як за тры тыдні. Літоўскім следчым дапамагло тое, падчас нападу адзін з іх сказаў іншаму некалькі слоў па-польску.

Высветлілася, што ў раёне дома Волкава ў той самы дзень і той самы час у мабільнай сетцы былі зарэгістраваныя нумары двух польскіх абанентаў. Літоўскія следчыя папрасілі польскі бок дапамагчы, і так удалося выйсці на падазраваных. Пасля непрацяглага сачэння мужчын затрымалі ў Польшчы.

Паводле звестак польскага выдання, падазраваныя мужчыны звязаныя з крымінальнымі коламі, яны працавалі "вышыбаламі" ў клубах, але не былі прафесійнымі кілерамі. Пакуль невядома, ці ведалі яны асобу сваёй ахвяры або ўзяліся выконваць заказ, не ведаючы, на каго павінныя напасці.

Як распавядала Еўрарадыё, увечары 12 сакавіка ў Вільні на паплечніка Аляксея Навальнага, апазіцыянера Леаніда Волкава напалі невядомыя з малатком. Мужчыну распылілі слезацечны газ у твар і збілі малатком. Волкава даставілі ў лякарню, але выпісалі на наступны дзень.

19 красавіка прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў пра затрыманне ў Польшчы двух нападнікаў на Волкава. У той жа дзень прэм'ер Польшчы Дональд Туск заявіў, што затрымалі беларуса, які замовіў палякам напад на расійскага апазіцыянера.

Прэс-сакратар Варшаўскага суда Яна Адамовіч кажа, што падазраваныя "дзейнічалі ў складзе арганізаванай групы і выконвалі заказы спецслужбаў чужой краіны".

У МЗС Беларусі кажуць, што Польшча не паведамляла пра затрыманне нашага суайчынніка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі