У Вільні расследуюць напад на паплечніка Навальнага
Леаніда Волкава вязуць у бальніцу
У Вільні расследуюць напад на паплечніка Аляксея Навальнага Леаніда Волкава. Нападнік спачатку разбіў акно ў аўтамабілі, распыліў яму ў вочы слёзацечны газ, а пасля наносіў удары малатком. Напад адбыўся каля дома, дзе жыве Волкаў. Паколькі гэта дачны пасёлак, мяркуецца, што нападаў чалавек, які спецыяльна прыехаў, а не выпадковы хуліган ці рабаўнік, піша meduza.io.
Пазней Леанід Волкаў запісаў відэа, у якім паведаміў, што ўжо вярнуўся з бальніцы. У яго зламаная рука, пашкоджаная нага, і ён пакуль не можа хадзіць. Расійскі апазіцыянер назваў напад "відавочным, тыповым і характэрным бандыцкім прывітаннем Пуціна з бандыцкага Пецярбурга".
Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс напісаў у Х, што "навіны пра напад... шакуюць". Ён адзначыў, што "адпаведныя органы працуюць" і "вінаватым давядзецца адказаць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.