Akute, The Toobes і Clover Club выступяць на дні горада ў Вільні
6-8 верасня ў Вільні ў межах дня горада пройдзе другі фестываль Vilnius Music Week.
Першы фестываль прайшоў у 2012 годзе і атрымаў мноства станоўчых водгукаў публікі, артыстаў і прэсы. На выступах тады пабывала больш за 320 тысяч гледачоў.
"Мы запрашаем ў Вільню ўсіх, каму цікавая свежая музыка. У гэтым годзе мы вырашылі паклікаць больш груп з суседніх краін, у тым ліку Эстоніі, Латвіі, Беларусі, Расіі, Украіны, — кажа каардынатар фестывалю Лаўрас Лучунас. — Усяго будзе 12 сцэн. На адкрытых пляцоўках уваход бясплатны, на клубных пляцоўках — сімвалічная плата на начныя выступы".
На Vilnius Music Week 2013 выступяць адразу тры беларускія гурты. 6 верасня на вялікай сцэне на Лукішскай плошчы ў 20.00 сыграюць Akute, на наступны дзень там жа ў гэты ж час выступяць Clover Club, а ў 21.00 на Vasaros Terasa публіку чакаюць The Toobes.
На фестывалі выступяць таксама вядучыя літоўскія артысты — Аліна Арлова, Юрга, Golden Parazyth, Марк Палубенка, Antis, а таксама Brainstorm (Латвія) і Touch And Go (Вялікабрытанія).
Паралельна ў межах фестывалю пройдзе музычная канферэнцыя, на якой збяруцца спецыялісты і журналісты з Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Ірландыі, Фінляндыі і суседніх з Літвой краін.
Спіс усіх гуртоў можна паглядзець тут.