ALEKSEEV: Прыемна, калі цябе падтрымлівае прэзідэнт
Роўна за месяц да "Еўрабачання-2018" беларускі ўдзельнік ALEKSEEV адказаў на пытанні фэнаў і тэлеканала "Беларусь1".
Спявак распавёў, што верыць у лічбу восем: пад такім нумарам ён выйдзе на сцэну першага паўфінала ў Лісабоне 8 траўня. На конкурсе ALEKSEEV з’явіцца ў новым вобразе: яго песня набыла камерныя рысы, рыхтуецца адпаведная пастаноўка.
"Гэта вельмі асаблівы нумар, не той, што быў у фінале беларускага адбору. Ён пра мяне. Я выканаю іншую версію песні. Яна будзе больш трапяткая".
Украінскі спявак у курсе таго, што пра яго выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі заявіў, што не супраць, каб на "Еўрабачанне" ад Беларусі ездзілі легіянеры, калі "свае не могуць годна гэта зрабіць".
"Натуральна, мне было вельмі прыемна. Калі прэзідэнт кажа пра тваю творчасць, падтрымлівае цябе, гэта дарагога каштуе. Я вельмі рады".
На пытанне пра тое, ці хоча ALEKSEEV перамагчы на "Еўрабачанні", выканаўца адказаў неадназначна:
"Я вельмі хачу, каб мне паверылі, каб гледачы пачулі, што я люблю гэтую песню. Яна, праўда, вельмі прыгожая, і вельмі хочацца, каб яны палюбілі гэтую песню. Я разумею, што гэта конкурс, і трэба выступіць годна. Сёлета я вельмі шмат працую для таго, каб усё так і адбылося".
ALEKSEEV выступіць ў першым паўфінале "Еўрабачання" 8 траўня пад нумарам восем. У гэты ж дзень выступяць галоўныя фаварыты "Еўрабачнання". Згодна з цяперашнімі паказчыкамі букмекерскіх табліц, шанцы патрапіць у фінал конкурсу ў Мікіты Аляксеева не вельмі вялікія. Аднак, як кажуць спецыялісты, усё будзе відавочна толькі пасля першай рэпетыцыі канкурсантаў у Лісабоне.