Амбасадар Руды раіць адчыняць беларускія крамы ў Кітаі

Амбасадар Руды раіць адчыняць беларускія крамы ў Кітаі

Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды параіў пастаўшчыкам айчыннай прадукцыі больш актыўна выходзіць на кітайскі рынак. Пра гэта ён заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" у праграме "Галоўны эфір" увечары 11 лістапада.

Па словах дыпламата, калі нашы прадпрыемствы прадаюць у Кітай прадукцыю са склада, то кошты на яе ў кітайскіх крамах па дарозе ўзрастаюць у 5-8 разоў — на гэтай розніцы зарабляюць пасярэднікі. Руды мяркуе, што зарабляць на сваёй прадукцыі мусяць беларускія вытворцы, а не пасярэднікі. "Трэба даходзіць да канчатковага пакупніка, адчыняць тут вытворчасці, свае крамы, усё гэта паступова трэба пачынаць рабіць, адаптуючы вытворчасць пад густы спажыўцоў. Крамы беларускіх тавараў у Кітаі ёсць, але іх адчыняюць кітайскія бізнесоўцы. Пытанне ў тым, што пакуль беларускія пастаўшчыкі прадаюць са склада, а не прыходзяць непасрэдна на кітайскі рынак", — патлумачыў амбасадар. 

Перавагай нашай краіны Руды назваў тое, што праз Беларусь ідуць усе чыгункі з Кітая ў ЕС. Ён прапанаваў загружаць чыгуначныя кантэйнеры на зваротным шляху сваімі таварамі. За апошнія тры гады колькасць кантэйнерных цягнікоў на гэтым напрамку, па словах дыпламата, вырасла ў дзевяць разоў і будзе расці. "Чыгуначныя перавозкі субсідуюцца кітайскімі ўладамі і па кошце транспартных тарыфаў параўноўваюцца з марскімі, але пры гэтым яны хутчэйшыя. У выніку нашы тавары прыходзяць хутчэй чыгункай па тых жа коштах, што і марскімі перавозкамі — з Аўстраліі ці Новай Зеландыі", — падкрэсліў ён.

Амбасадар дадаў, што кітайскі рынак расце найбольш хуткімі тэмпамі ў свеце. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі