Андрэй і Паліна Шарэнды засталіся без жылля і рэгістрацыі ў Беларусі
Андрэй і Паліна Шарэнды з дзецьмі / 3beltv.eu
Андрэй Шарэнда і яго жонка, палітзняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, пазбаўленыя месца жыхарства і прапіскі ў Беларусі, паведамляе Reform.by.
Апошнія 6 гадоў сям'я Шарэндаў здымала жыллё ў Брэсце — кватэра адносіцца да дзяржаўнага камерцыйнага арэнднага жылля. Па словах Андрэя, які знаходзіцца цяпер за мяжой, іх сям'я заўсёды спраўна аплачвала жыллё, нават у апошнія месяцы.
У лістападзе Шарэнды працягнулі арэнду кватэры на год. Аднак па рашэнні гарвыканкама кантракт быў скасаваны, пра што Андрэй даведаўся ў аўторак. У выніку сям'я пазбавілася не толькі жылля, але і месца рэгістрацыі па месцы жыхарства. Пасля разрыву дамовы арэнды жыхароў аўтаматычна здымаюць з рэгістрацыі.
Як паведамляла Еўрарадыё, Паліна Шарэнда-Панасюк асуджаная на два гады пазбаўлення волі за ўжыванне гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх абразу, а таксама за абразу Аляксандра Лукашэнкі. У калоніі Паліна двойчы адмаўлялася пісаць прашэнне аб памілаванні, яе рэгулярна адпраўляюць у штрафны ізалятар. Супраць Андрэя Шарэнды таксама заведзеныя крымінальныя справы, але ён змог збегчы з-пад хатняга арышту за мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.