"Апошні альбом" Pukstband: патрэкавае з'яўленне і ніякай канцэпцыі

У свой Дзень нараджэння 14 кастрычніка музыка Сяргей Пукст выклаў у сеціва першы і апошні на сёння альбом гурта Pukstband. Дакладней, першыя тры трэкі "Апошняга альбома".


"Я планую выкладаць далей па адным трэку для таго, каб людзі маглі менавіта паслухаць гэты альбом, — тлумачыць Еўрарадыё сваю стратэгію Сяргей. — Каб яны не слухалі цалкам, не прабягаліся па 10-ці трэках, не прагортвалі іх, я сам так часта слухаю, бо гэты момант музычнага запінгу вельмі распаўсюджаны. І атрымоўваецца, што насамрэч ніхто музыку не слухае. А патрэкавае выкладанне — гэта такі дадатковы стымул усё ж паслухаць пласцінку".


Калі з'явіцца наступная кампазіцыя з альбома, Пукст дакладна сказаць не можа. Маўляў, працэс выкладання песень пакуль мае хаатычны і спантанны характар. Дакладна вядома толькі тое, што да канца года "Апошні альбом" "Пукстбэнда", які некалькі гадоў таму сышоў у доўгатэрміновы адпачынак, можна будзе праслухаць цалкам.

"Гэта зборны альбом, які запісваўся, як першы, і на дадзены момант апошні альбом гурта Pukstband, — працягвае Сяргей. — Паколькі матэрыял быў накоплены, то яго трэба было аформіць і выдаць. Ён не мае канцэптуальнага характару, то бок, адбору песень па тэматыцы тут няма. Я намагаўся скампанаваць песні проста па ступені тэматычнай разнастайнасці, каб слухач не стамляўся. А песні тут ёсць на самыя розныя тэмы".


Назву альбома, сцвярджае Сяргей, не трэба ўспрымаць літаральна. Таму што тут мае месца гульня двух сэнсаў: "Апошні альбом" можа быць і насамрэч апошнім, а можа — апошнім на дадзены момант. Назва, прызнаецца музыка, выдае яго нерашучасць. Бо не вядома, калі скончыцца творчая паўза Pukstband, і ці скончыцца яна ўвогуле.


Паралельна з трэкамі Пукст збіраецца выкладаць доўгі прэс-рэліз. Сяргей жартуе, што альбом такім чынам абрасце “дакументацыяй” у духу сучаснага мастацтва. Музыка, які яшчэ нядаўна быў супраць інтэрнэт-рэлізаў, падкрэслівае, што на сёння гэта — адзіная магчымасць адэкватна прадставіць свой матэрыял.


Альбом даступны на сайце kroogi.com.
 

Фота: another.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі