Арцём Лябедзька прызнаны палітвязнем
Арцём Лябедзька / Фота са старонкі Анатоля Лябедзькі ў Facebook
Арцём Лябедзька прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем. У спіс таксама дадалі Вікторыю Гаўрыліну, Уладзіслава Папова, Антона Огія, Дзмітрыя Качаноўскага і Андрэя Баранава. Праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.
Баранаў узяты пад варту па абвінавачанні ў "фінансаванні тэрарызму" — за ахвяраванні пратэснай супольнасці. У "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" абвінавачваюць Качаноўскага, ён узяты пад варту. А Огій па такім жа абвінавачванні асуджаны на 4 гады калоніі. Папоў асуджаны на 2 гады калоніі за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" — за перасылку фота- і відэаздымкаў вайсковай тэхнікі, вайсковаслужбоўцаў і вайсковага аэрадрома "пратэснаму інфармацыйнаму рэсурсу". Гаўрыліна ўзятая пад варту па абвінавачанні ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" — за ахвяраванні. За тое самае ўзяты пад варту і Арцём Лябедзька, сын былога лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі, а цяпер дарадцы Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоля Лябедзькі. Спачатку ён быў пад адміністрацыйным арыштам, а пасля на яго распачалі крымінальную справу.
Колькасць палітзняволеных у Беларусі складае ўжо 1501 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.