На сына Анатоля Лябедзькі завялі крымінальную справу
Арцём Лябедзька з дачкой / facebook.com/Anatol.Liabedzka
Арцём Лябедзька не выйшаў на волю пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту. На яго завялі крымінальную справу. Пра гэта паведамляе яго бацька Анатоль Лябедзька.
— Патрэбны быў нейкі час каб выдыхнуць… Арцёма не выпусцілі з засценкаў. Акрэсціна змяняе Валадарка. Хлуслівыя, ад першай буквы да апошняга слова пратаколы адміністрацыйнай справы і 30 содняў здзеку і катаванняў у самай мярзотнай турме Еўропы.
Зараз фабрыкацыя крымінальнай справы. Вышэйшы пілатаж бязчалавечнасці і мярзотнасці. Свядома, мэтанакіравана ідуць па жывых людзях, па сям’і, па дзіцяці. Пад падошвай беззаконня хлюпаюць слёзы, хрусцяць косці, крываточыць боль
За сваё жыццё я перажываў самыя розныя эмоцыі і пачуцці, але нянавісць толькі зараз. І нічога з гэтым зрабіць немагчыма. Яна зараз мой спадарожнік па жыцці.
Арцёма Лябедзьку затрымалі ў канцы сакавіка і двойчы пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Першыя 15 сутак ён атрымаў за тое, што нібыта “стаяў каля міліцыі і нецэнзурна лаяўся”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.