БАТЭ і ПСВ згуляюць на "Барысаў-Арэне" 21 жніўня
Сталі вядомыя даты і час матчаў БАТЭ і ПСВ у плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў. 21 жніўня яны сустрэнуцца на "Барысаў-Арэне" (білеты пачнуць прадаваць 15 жніўня ў 15:00), а 29 жніўня — у Эйндховене. Абодва паядынкі пачнуцца а 22-й гадзіне, інфармуе прэс-служба ФК БАТЭ.
Напярэдадні барысаўчане ў матчы 3-га раўнда Лігі чэмпіёнаў згулялі ўнічыю 1:1 з "Карабахам" (у першай гульні БАТЭ выйграў з лікам 1:0). Яны забяспечылі сабе месца ў групавым раўндзе Лігі Еўропы, але могуць заваяваць еўракубкавую восень у Лізе чэмпіёнаў. Беларускі клуб ужо зарабіў 860 тысяч еўра і атрымае яшчэ як мінімум 7,62 млн еўра. Ён ўмацаваўся легіянерамі з Уганды і Францыі.
У плэй-оф Лігі чэмпіёнаў таксама пазмагаюцца за выхад у групавы раўнд наступныя каманды:
Црвена Звезда (Сербія) — Зальцбург (Аўстрыя),
Янг Бойз (Швейцарыя) — Дынама (Заграб, Харватыя),
Відзі (Венгрыя) — АЕК (Афіны, Грэцыя),
Бенфіка (Партугалія) — ПАОК (Грэцыя),
Аякс (Галандыя) — Дынама (Кіеў, Украіна).