БАТЭ выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў! (відэа)

БАТЭ выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў! (відэа)

БАТЭ выйшаў у плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў! У хатнім матчы 3-га кваліфікацыйнага раўнда барысаўчане згулялі ўнічыю 1:1 з "Карабахам". Лік на 20-й хвіліне адкрыў Мірка Іваніч, на 54-й хвіліне госці зраўнялі лік, вызначыўся Мічал.

Барысаўчане гулялі асцярожна, больш на контраатаках. Як вядома, тыдзень таму ў гасцявым паядынку каманда Аляксея Багі святкавала перамогу з мінімальным лікам — 1:0. На "Барысаў-Арэне" забіваць трэба было найперш "Карабаху" і ён актыўна атакаваў, ствараў шмат праблем гаспадарам поля. БАТЭ адбіваўся і спрабаваў забіць. Але з нешматлікіх момантаў быў рэалізаваны толькі адзін. На шчасце, гола Іваніча хапіла. Ды яшчэ з 77-й хвіліны госці гулялі ў меншасці, за дзве жоўтыя карткі быў выдалены Эмегара.

БАТЭ гуляў у наступным складзе: Шчарбіцкі, Рыяс, Філіпавіч, Філіпенка, Валадзько, Бага (Глеб, 70), Яблонскі, Драгун, Іваніч (Скавыш, 78), Сігневіч, Стасевіч (капітан).

У плэй-оф БАТЭ пазмагаецца з клубам ПСВ з Галандыі за права выступіць у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў (першы матч пройдзе 21-22 жніўня ў Барысаве, гасцявы паядынак — 28-29 жніўня ў Эйндховене). Беларускі клуб ужо зарабіў амаль 8 млн еўра. Барысаўчанам гарантаваны групавы раўнд Лігі Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі