Байдэн ухваліў перадачу Украіне верталётаў
ЗША паставяць украінскай арміі зброі яшчэ на 800 мільёнаў долараў. Пра гэта аб'явіў прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн. Такім чынам Вашынгтон агулам выдзяляе Украіне ўзбраенні на больш за $2,4 млрд.
Байдэн анансаваў перадачу "многіх высокаэфектыўных тыпаў узбраенняў", якія раней ужо перадаваліся ўкраінцам, і новых сродкаў, якія неабходныя для стрымлівання новага наступу РФ на ўсходзе Украіны: артылерыйскія сістэмы, сотні адзінак бронетранспарцёраў і пазадарожнікаў, дроны-камікадзэ, радары і іншае. "Я таксама дадаткова ўхваліў перадачу верталётаў [Мі-17 — адзінаццаць адзінак]", — падкрэсліў амерыканскі прэзідэнт.
ЗША дамаўляюцца са сваімі саюзнікамі пра тое, каб яны таксама накіроўвалі значную ваенную дапамогу Кіеву са сваіх запасаў.
Заява Белага дома прагучала пасля чарговай тэлефоннай размовы Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага. Якраз у сераду ўкраінскі прэзідэнт запісаў відэазварот, у якім звяртаўся да Захаду наконт паставак зброі, неабходнай "для перамогі над Расіяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.