Беларусь адзначае 125-годдзе са дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча
9 снежня ў Мінску з нагоды 125-годдзя са дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча (1891 — 1917) пройдуць маштабныя мерапрыемствы. У крыпце Храма-помніка Усіх Святых у беларускай сталіцы адбудзецца цырымонія "Вяртанне" — будзе закладзеная капсула з зямлёй з магілы паэта ў Ялце, інфармуе БЕЛТА. Цырымонія пачнецца ў 11.30 і працягнецца да 13.00. У Белай зале храма будуць гучаць вершы Багдановіча.
У рэканструяваным Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі, пачатак а 16-й гадзіне. Каля помніка Максіму Багдановічу ў сталіцы пройдзе літаратурная акцыя "Расцём разам з Максімам". Вершы паэта прагучаць у выкананні чытальнікаў рознага ўзросту, што "сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і актуальнасць яго паэзіі". Пачатак — а 14-й гадзіне. А ў 17.30 каля помніка адбудзецца мітынг "Пакланіся Максіму".
Мерапрыемствы з нагоды 125-годдзя са дня нараджэння паэта таксама пройдуць у розных рэгіёнах нашай краіны.