Кіраўнік урада распавёў, які беларускі тавар у Расіі "ляціць са свістам"
Індычка, ілюстрацыйнае фота
Мяса індычкі карыстаецца вялізнай папулярнасцю і "ляціць са свістам". Пра папулярнасць прадукту заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, наведваючы агракамбінат "Дзяржынскі" ў Капыльскім раёне.
Паводле чыноўніка, вытворчасць мяса індычкі ў параўнанні з 2021 годам вырасла ўтрая. Сёлета ў Беларусі плануюць вырабіць каля 10 тысяч тон мяса індычкі. Галоўчанка заявіў, што акрамя агракамбіната "Дзяржынскі" ў Беларусі ёсць тры прадпрыемствы па вытворчасці індычкі — у Астравецкім, Лідскім і Капыльскім раёнах. А таксама плануецца пабудаваць яшчэ адно.
Кіраўнік урада пахваліўся, што 1200 тон беларускай індычкі сёлета прадалі ў Расію: "Нягледзячы на тое, што Расійская Федэрацыя мае дастаткова вялікія магутнасці — больш за 400 тысяч тон вытворчасці, тым не менш, беларуская індычка, як сёння далажылі, таксама актыўна прадаецца. Прычым кантракты заключаюцца наўпрост з крамамі, з гіпермаркетамі, гандлёвымі сеткамі расійскімі. І як кажуць, усё ляціць са свістам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.