У Мінскім раёне міліцыя затрымала 34 чалавек

Мігранты пасля затрымання міліцыяй

Мігранты пасля затрымання міліцыяй / t.me/minobl_uvd/

У Мінскім раёне міліцыя затрымала 34 чалавек. Усе яны замежнікі (вядома, што сярод іх ёсць грамадзяне Афганістана) і парушылі міграцыйнае заканадаўства. У затрыманні ўдзельнічаў АМАП. Цяпер з замежнікамі праводзіцца разбіральніцтва. Ім пагражае дэпартацыя.

Падобныя паказальныя затрыманні асобных груп мігрантаў адбываюцца ў Мінскім раёне (найчасцей у Калодзішчах) перыядычна. Міліцыянеры прыходзяць па верагодна вядомых ім адрасах і забіраюць замежнікаў, а пасля пішуць, што натрапілі на іх "пры адпрацоўцы жылога сектара".

Як вядома, Захад ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс у апошнія гады на мяжы РБ і краін ЕС на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Мяркуецца, што ён дзейнічае сумесна з РФ. Згаданы крызіс стаў прычынай увядзення супраць Беларусі санкцый, закрыцця на межах з краінамі Еўрасаюза пунктаў пропуску.

Мігранты дагэтуль працягваюць прарывацца ў Польшчу. "Нягледзячы на тое, што тэрыторыя на мяжы з беларускага боку з'яўляецца зонай, даступнай толькі беларускім службам, увесь час там з'яўляюцца людзі, якія спрабуюць нелегальна пранікнуць у Польшчу", — адзначае Польская памежная служба.

Лукашэнка ўскладае адказнасць за міграцыйны крызіс на... Захад. Звычайна ён кажа, што заходнія краіны паклікалі да сябе мігрантаў. "Мы лавіць іх не будзем! гаварыў Аляксандр Лукашэнка ў пачатку ліпеня 2024-га. — ...Галоўнае ў тым, што я не маю намеру аддаваць загад памежнікам, вайскоўцам і іншым, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз на мяжы Беларусі і Польшчы". Аднак ужо ў верасні заявіў пра "змякчэнне міграцыйнай палітыкі ў дачыненні да Польшчы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі