"Беларусь для мяне — страшнае месца": экс-сілавік, які падтрымаў пратэсты

Ягор Емяльянаў / Фота з сацсетак
Ягор Емяльянаў / Фота з сацсетак

Былы капітан з Наваполацка Ягор Емяльянаў не шкадуе пра сваё звальненне з міліцыі ў жніўні 2020-га. Тады ён адмовіўся ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў і звольніўся. "Не шкадую ні пра што", — сказаў ён у інтэрв'ю "Радыё Свабода".

Пасля звальнення ён пераехаў у Мінск, некаторы час працаваў інструктарам у фітнес-цэнтры, дзе яго і затрымалі — судзілі паводле некалькіх адміністрацыйных артыкулаў, сярод іх — "хуліганка" і "непадпарадкаванне службовай асобе". Зрабіўшыся падазраваным па крымінальнай справе, Ягор адправіў сям'ю ва Украіну, а сам пайшоў туды лясамі. Цяпер ён у Германіі. І вяртацца ў Беларусь не гатовы.

"Яна ў мяне ў псіхіцы адклалася як страшнае месца, месца болю, страху і жорсткасці. Мяне маглі б пасадзіць, жонка і дзеці засталіся б без мяне", — тлумачыць ён сваю пазіцыю. На яго думку, "нават калі Лукашэнка памрэ — наўрад ці там нешта зменіцца. Можа, яшчэ і горш будзе. Калі б, вядома, улада змянілася, я б шукаў першы рэйс, каб ляцець туды. Але пакуль — не".

З былымі калегамі ён не размаўляе, хоць раней у іх былі выдатныя адносіны. "Адзін нават быў хросным татам у майго дзіцяці. Але цяпер ён нават хрэсніка са святамі не віншуе. У мяне такое адчуванне, што ім проста забаранілі мець са мной стасункі, і яны гэта выконваюць", — мяркуе Ягор.

У Германіі Емяльянаў плануе таксама працаваць фітнес-трэнерам, але кажа, што "маральна гатовы, што, можа, будзе і іншая праца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі