Зборная Беларусі прайграла Расіі, у чвэрцьфінале згуляем са Швецыяй
Матч скончыўся з лікам 2:1 на карысць расійскіх хакеістаў.
Першы перыяд скончыўся нулявой нічыёй, а вось у другім расіяне закінулі дзве шайбы — вызначыліся Шыпачоў і Плотнікаў. У трэцім перыядзе Уладзімір Дзянісаў скараціў адрыў да адной шайбы, аднак на большае беларусаў не хапіла. Напрыканцы гульні расіянін Малкін не здолеў закінуць шайбу ў пустыя беларускія вароты.
Матч праходзіў на “Мінск-Арэне”, быў зафіксаваны новы рэкорд наведвальнасці — 14679 чалавек.
Чвэрцьфінальны матч беларусы згуляюць у чацвер 22 траўня са зборнай Швецыі. Расія згуляе з Францыяй — у іншым матчы чэхі ў авертайме перамаглі французаў — 5:4.
Выніковая табліца групы "А": Канада і Швецыя — па 18 ачкоў, Чэхія — 12, Францыя — 11, Славакія — 10, Нарвегія — 7, Данія — 5, Італія — 3.
Выніковая табліца групы "В": Расія — 21, ЗША — 14, Беларусь — 12, Фінляндыя — 11, Швейцарыя — 10, Латвія — 9, Нямеччына — 5, Казахстан — 2.
У 1/4 фінала згуляюць Канада — Фінляндыя, Расія — Францыя, Беларусь — Швецыя, Чэхія — ЗША. Калі беларусы здолеюць прайсці шведаў, яны зноў сустрэнуцца з расіянамі (калі толькі французы не стануць аўтарамі сенсацыі).