Беларусь зняла мытныя абмежаванні для ўкраінскіх тавараў
У адказ наша краіна спадзяецца, што Украіна адменіць абмежаванні на беларускія тавары.
Урад Беларусі спрасціў украінскім вытворцам доступ на беларускі рынак. 24 ліпеня прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч падпісаў пастанову №719, якая здымае абмежаванні для доступу на беларускі рынак тавараў з краінаў — сябраў Дамовы аб зоне свабоднага гандлю.
Увесну беларускі ўрад увёў ліцэнзіі на пастаўкі ў краіну цэменту, шкла, піва, макаронных і кандытарскіх вырабаў з усіх дзяржаваў, акрамя чальцоў Мытнага саюзу. У адказ на гэтыя дзеянні Беларусі Украіна ўвяла спецпошліну на беларускія прадукты.
У каментары Радыё "Свабода" эканаміст Леанід Заіка адзначыў, што фармальна Беларусь як сябра Мытнага саюзу не мела права ў аднабаковым парадку прымаць рашэнне пра адмену абмежаванняў. Па яго словах, усе тавары, што паступаюць на тэрыторыю Мытнага саюзу, павінны абкладацца аднолькавай пошлінай.
З пункту гледжання беларускіх эканамічных інтарэсаў, 70% экспарту ва Украіну — гэта нафтапрадукты. А экспарт малака, заяўляе эканаміст, гэта не так ужо і істотна.
Фота — mmcis-invest.ru