Беларуска стала пераможцам паэтычнага слэму на радзіме Махно

Разам з украінцамі беларускія музыкі і літаратары ў Дзень незалежнасці Украіны закідвалі карыкатуры вядомых тамтэйшых палітыкаў гнілымі памідорамі, гралі ў махноўскі валейбол, малявалі паэтычны бодзі-арт, а таксама паэтычна слэмілі. І нават перамаглі: беларуска Наста Манцэвіч атрымала дзве скрыні піва і грашовую ўзнагароду! Беларускі дэсант на самым анархічным фэсце ў нашых суседзяў “Остання Баррикада” суправаджала Таццяна Голасава. Сёлетні самы анархічны фестываль Украіны "Остання Баррикада", што адбываецца на радзіме легендарнага рэвалюцыянера Нестара Махно ў мястэчку Гуляйполе стаў сапраўды міжнародным. На неафіцыйнае святкаванне Дня ўкраінскай незалежнасці прыехалі беларускія літаратары на чале з Марыйкай Мартысевіч, а таксама музыкі з Малдовы, у тым ліку і хэдлайнеры фэсту Zdob Si Zdub. Аднак Алесь Доній, які з'яўляецца галоўным арганізатарам і галавой аб'яднання "Остання Баррикада" кажа, што перадусім мэта фэста - аб'яднаць рэгіёны краіны, дзякуючы культурніцкім мерапрыемствам. Сярод іх – Дзень незалежнасці з Махно, які прайшоў ужо ў трэці раз, – самы бесшабашны.

Доній: На нашым фэсце мы дазваляем сабе тое, што не могуць дазволіць сабе іншыя. І безумоўна, гэта не ўсім і не заўсёды падабаецца, таму ёсць праблемы з мясцовымі ўладамі і нават жыхарамі. Нашыя акцыі своеасаблівыя і да іх трэба прызвычаіцца.

Між такіх акцыяў, напрыклад, закідванне карыкатураў вядомых украінскіх палітыкаў гнілымі памідорамі, дзе нечакана для Усходу "перамог" Віктар Януковіч, махноўскі валейбол, паэтычны бодзі-арт (паэты пішуць вершы на голых целах дзяўчат). А таксама паэтычны слэм – відовішчнае чытанне вершаў, калі дазволена ўсё: брудныя словы, нахабныя паводзіны з боку літаратараў і гледачоў.

У паэтычным слэме публіка сама выстаўляе адзнакі і выбірае пераможцу, цягам некалькіх тураў скарачаючы прэтэндэнтаў да аднаго. І сёлета з 15 удзельнікаў 5 аказаліся беларусамі. 4 з іх прайшлі ў паўфінал, а затым у “беларускім” фінале перамагла Наста Манцэвіч, якая атрымала 2 скрыні піва і 300 грыўняў. Дарэчы, гэты быў першы паэтычны слэм маладой паэткі.

Манцэвіч: Я вельмі рада, што перамагла, але не чакала гэтага. Проста выходзіла і чытала свае вершы, можа таму і стала першай. Я адчувала настрой публікі, бачыла, што падабаюся. Тэксты для слэму павінны быць экспрэсіўнымі, але мне здавалася, што экспрэсіўнасці мне не стае.

Музычную частку прадстаўлялі даволі ціхі гурт Джамбібум, што выступаў ў Доме культуры, і IQ-48, які граў на вялікай сцэне разам з украінскімі зоркамі “Мертвы Півень”, “Кріхітка Цахес”, “Бумбокс”, Сяргеем Бабкіным і малдаванамі Zdob Si Zdub. Кажуць, што арганізатары вялі перамовы з N.R.M, але нешта не атрымалася. Прымалі беларускія гурты амаль гэтак жа цёпла, як і паэтаў. Чаму украінцы з такой цікавасцю паставіліся да нашай часткі праграмы тлумачыць паэтка і арганізатар беларускага дэсанту Марыйка Мартысевіч.

Мартысевіч: Для Украіны Беларусь, нават не як дзяржава, а як людзі – гэта штосьці чужое, але вельмі блізкае. Напэўна таму, што беларусы ў адрозненні ад Расіі і Польшчы ніколі не прэтэндавалі на Ўкраіну як на частку імперыі.

Гэтым разам на Гуляйполі было больш за 10 тысяч гледачоў, з якіх па меншай меры 30 беларусаў, якія разам з музыкамі і паэтамі ехалі на фэст і з фэсту амаль суткі. Але ніхто з беларускіх гасцей ні на хвіліну не пашкадаваў аб гэтым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі