Беларускія футбольныя клубы правялі першыя матчы ў Еўракубках
Мінскае "Дынама" ў Лізе Чэмпіёнаў гуляла супраць клуба "Пюнік" з Арменіі
Адразу тры беларускія клубы — мінскае "Дынама", жодзінскае "Тарпеда-БЕЛАЗ" і "Іслач" з Мінскага раёна — правялі першыя матчы стартавага раунда кваліфікацыі ў Еўракубках. Гэта павінны былі быць "хатнія" гульні, але з-за ўведзеных супраць Беларусі абмежаванняў матчы прайшлі за мяжой і без гледачоў.
"Дынама" на правах чэмпіёна Беларусі 2023 года ўдзельнічае ў Лізе чэмпіёнаў. Гульня прайшла ў Венгрыі. Сапернікам мінчан быў "Пюнік" з Арменіі. Матч скончыўся ўнію — 0:0. Матч у адказ пройдзе 16 ліпеня.
Яшчэ дзве беларускія каманды ўдзельнічаюць у Лізе канферэнцый (гэта трэці па рангу еўракубкавы турнір пасля Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы). "Тарпеда-БЕЛАЗ" гуляла з "Мілсамі" з Малдовы. Гэты матч таксама прайшоў у Венгрыі, жодзінцы прайгралі 2:4.
"Іслач" гуляла ў Сан-Марына з мясцовым клубам "Ла Фіярыта" і перамагла — 1:0. Дададзім, што пераможца Кубка Беларусі-2024 гродзенскі "Нёман" стартуе ў Лізе канферэнцый з другога раунда. Ён згуляе супраць румынскага клуба "ЧФР Клуж".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.