Беларускія мытнікі ўстановяць сканеры на мяжы з Расіяй
Праверкі на мяжы з Расіяй будуць узмоцнены (ілюстрацыйнае фота)
Беларускія мытнікі ўстановяць сканеры на мяжы з Расіяй. Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі кажа ў інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1", што мэта — выяўленне кантрабанды. Па яго словах, на мяжы з краінамі ЕС падобныя сканеры даўно выкарыстоўваюцца для праверкі грузавікоў, легкавікоў і багажу грамадзян.
"Апошнім часам мы гэты досвед распаўсюджваем на сканаванне грузаў, якія ідуць з усходняга напрамку, — кажа Арлоўскі. — Пакуль мы робім гэта ў Мінску, але плануем у бліжэйшы час размясціць такія сканеры і ў нашых усходніх мытнях, у Віцебскім рэгіёне, Магілёўскім. Таму што большасць тавараў цяпер перасякае расійска-беларускую мяжу. Хоць тавары замежныя, але ўвозяцца праз расійскі ўчастак. Таму і гэты напрамак мы таксама адпрацоўваем".
Таксама старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта адзначыў, што "ў мэтах захавання бяспекі" апошнія паўтара года скануюцца ўсе пасылкі, якія паступаюць у нашу краіну ад юрыдычных асоб (у тым ліку і з краін ЕАЭС) да грамадзян РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.