“Блукаем па гэтай “нічыйнай зямлі”: кубінцы захраслі паміж Польшчай і Беларуссю
Беларуска-польская мяжа / wikipedia
Група з шасці кубінцаў ужо восем дзён правяла на мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. У іх няма прыдатнага адзення і ежы, і яны скардзяцца на жорсткае абыходжанне з боку памежных органаў абедзвюх краін.
“Мы блукаем па гэтай “нічыйнай зямлі” ужо восем дзён, нас не адпускаюць ні ў той, ні ў іншы бок, некалькі разоў білі, у тым ліку і жанчын”, — цытуе мясцовае выданне OnCuba аднаго з кубінцаў, што патрапілі ў бяду.
Адна з жанчын, якія захраслі ў лесе, больш не можа хадзіць. Па яе словах, ногі распухлі ад укусаў насякомых.
“Але мінулай ноччу прыйшлі беларускія ахоўнікі ў каптурах і зноў збілі нас. Калі яны ўбачылі, што я не магу ўстаць, яны схапілі мяне за валасы і шпульнулі, як ляльку”, — цытуюць журналісты адно з паведамленняў, якія жанчына адправіла ім, перш чым сувязь перапынілася.
Кубінцы кажуць, што іх запасы скончыліся, і некалькі дзён яны п'юць толькі рачную ваду, а ядуць з'едкі, якія пакінулі ў лесе іншыя мігранты.
Суразмоўцы кубінскага выдання кажуць, што разам з імі ў лесе знаходзіцца група з дваццаці чалавек, што патрапілі ў такую ж сітуацыю. Галоўным чынам гэта грамадзяне Пакістану, Індыі і Сірыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.