Будуць судзіць браканьера, які на металічныя петлі злавіў чатырох аленяў, казулю і дзікоў
У Петрыкаве на Гомельшчыне завершана расследаванне крымінальнай справы аб незаконным паляванні. Паводле версіі следства, у 2014-2015 гадах 37-гадовы жыхар вёскі Брынёў з мэтай незаконнай здабычы дзікіх жывёл на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў нацыянальнага парку "Прыпяцкі" неаднаразова выкарыстоўваў забароненыя прылады палявання.
Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта, мужчына ўстанаўліваў у мясцовым лясніцтве на ствалах дрэў металічныя петлі. У пасткі трапілі тры дзікі. Пасля ён разам з непаўналетнім сынам сужыцелькі здабыў такім жа чынам чатырох аленяў высакародных (адна самка выношвала дзіцяня). Праз некалькі дзён у металічную пятлю трапіла казуля еўрапейская. У выніку навакольнаму асяроддзю былі нанесеныя страты на агульную суму 345,6 млн рублёў.
Падчас вобыску ў доме паляўнічага знайшлі два мяхі з мясам і часткі раздзеланых туш дзікіх жывёл, металічны шнур.
Падчас папярэдняга расследавання ў асобную вытворчасць выдзелілі матэрыялы праверкі ў дачыненні да другога сына сужыцелькі. Яму 19 гадоў. Следчыя правяраюць наяўнасць у яго дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага артыкулам "незаконнае перамяшчэнне дзікіх жывёл".
Здымак з архіву. Фота: ByMedia.net