Дачнікаў, якія пратэставалі супраць арэнды сажалкі, будуць штрафаваць яшчэ больш
Адпачывальнікі на сажалцы ў Цыкунах
У вёсцы Цыкуны Гомельскага раёна чыноўнікі правялі сустрэчу з дачнікамі і мясцовымі жыхарамі, якія пратэставалі супраць арэнды мясцовай сажалкі пад платную рыбалку.
Як піша газета "Маяк", чыноўнікі назвалі арэнду сажалкі цалкам законнай да 2036 года, а жыхарам прыгразілі штрафамі за сметнікі ў неналежным месцы.
Паводле намесніка старшыні абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Паўла Новікава, прыродаахоўнае заканадаўства арандатары вадаёма не парушылі: "Дакументальна пацверджана, што гэтая мясцовасць уяўляе сабой тарфяныя паклады (частка іх даўно выпрацаваная), якія распасціраюцца да Міхалькоў. Вадаём каля вёскі Цыкуны — штучнага паходжання, узнік на месцы былых распрацовак і профільным міністэрствам унесены ў пералік вадаёмаў для здачы ў арэнду".
Чыноўнік заявіў, што дачнікі і мясцовыя жыхары рэгулярна ствараюць сметнікі, хаця маюць магчымасць выклікаць транспарт і вывезці ўсе адкіды. Новікаў прыгразіў адміністрацыйнай адказнасцю парушальнікам: "Пасля ўстаноўкі фотапастак, думаю, падобных негатыўных фактаў стане менш".
Людзям, незадаволеным тым, што ў іх забралі магчымасць купацца, прадстаўнік АСВОДу паведаміў, што пляжа там не павінна быць: у абводненых кар'ерах і сажалках-капанях ладзіць месцы для купання забаронена.
Суарэндатар вадаёма Віктар Крот упарадкаваць бераг вадаёма, дзе прывыклі адпачываць мясцовыя і дачнікі. Для рыбакоў паставяць масткі з альтанкамі на выпадак непагадзі. "Мясцовыя жыхары і дачнікі могуць лавіць рыбу з берага бясплатна, але калі скарыстаюцца створанымі ўмовамі лоўлі з воднай роўнядзі, то заплацяць палову кошту", — паабяцаў бізнесовец.
Аднак частка людзей усё роўна засталася незадаволеная.
Як расказвала Еўрарадыё, сажалку ў вёсцы Цыкуны мясцовыя ўлады здалі ў арэнду для "рэкрэацыйнага рыбаводства", там забаранілі купацца. Сястра арандатара выклікала міліцыю на купальшчыкаў. У выніку за адзін толькі дзень за несанкцыянаванае купанне былі аштрафаваныя 42 чалавекі.
Мясцовыя жыхары абураныя, што іх пазбавілі традыцыйнага месца адпачынку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.