Чаму Ісігура, а не Муракамі? Тлумачыць аўтар дысертацыі па раманах набеліята

Харукі Муракамі і Кадзуа Ісігура. Фота: Reuters и fashionlab.pro.
Харукі Муракамі і Кадзуа Ісігура. Фота: Reuters и fashionlab.pro.

5 кастрычніка Нобелеўскі камітэт абвясціў, што прэмію па літаратуры за 2017 год атрымлівае брытанскі пісьменнік японскага паходжання Кадзуа Ісігура. Снобы ад літаратуры ўздыхнулі з палёгкай: цяперашняя "нобелеўка" не выглядае палітычным ці кан'юнктурным рашэннем. Не ў апошнюю чаргу таму, што лаўрэатам прэміі не стаў іншы ўраджэнец Японіі — Харукі Муракамі.

Чаму шведскія акадэмікі аддалі перавагу аднаму японцу (так ці інакш, па нараджэнні Ісігура — японец) над іншым? Еўрарадыё папрасіла растлумачыць гэта ў Вікторыі Мінінай — выкладчыцы мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая ў 2013 годзе абараніла дысертацыю па раманах Кадзуа Ісігура.

"У Муракамі больш фантастычных матываў. Зразумела, што, як і большая частка пісьменнікаў, ён кажа пра рэальнае жыццё. Але форма іншая. Ён сыходзіць у глыбокія нерэалістычныя рэчы — напрыклад, у хорар, таму яго прозвішча на слыху.

Ісігура больш рэалістычны. Толькі ў апошні час ён пачаў эксперыментаваць з формай. Так, апошні раман у яго напісаны ў жанры фэнтэзі. Але ён усё роўна кажа пра рэальныя рэчы, якія яго хвалююць. Як чалавека, як пісьменніка. Як вымушанага эмігранта з Японіі. Ён піша пра тое, як працуе наша памяць — як часам чалавек нешта наўмысна забывае, блакуе. Пра тое, што варта казаць, сваім блізкім, а што не варта. Што нам варта памятаць, а пра што можна і трэба забыцца. Гэты матыў праходзiць праз усю яго творчасць.

Чаму я кажу пра біяграфічны ўплыў? Ісігура сам заўважаў, што да творчасці яго падштурхнуў вобраз Японіі. Пяцігадовым дзіцем ён з бацькамі з'ехаў са сваёй роднай краіны. І кожны год яны планавалі вярнуцца. Бацька быў акіянограф, і іх эміграцыя нібыта была не эміграцыяй — яны ведалі, што вяртаюцца. Але ў нейкі момант сям'я вырашае застацца ў Брытаніі. І Ісігура разумее, што дзверы ў тую Японію, якая ў яго заўсёды была, зачыненыя. Яна застаецца ў мінулым. Жаданне захаваць гэты вобраз і прывяло яго да творчасці.

Ісігура называе сябе інтэрнацыянальным пісьменнікам. Яго першыя два раманы былі "японскія" — а потым ён выдае трэці раман, зусім "брытанскі". Чаму? Яго закатавалі пошукамі японскага ўплыву, а яму хацелася ісці далей. Адбыўся катарсіс — ён праз творчасць выгаіўся ад сваіх дзіцячых успамінаў. І тады ён сказаў, што хоча напісаць такія раманы, якія былі б цікавыя не толькі японцам і брытанцам, але і чытачам з усяго свету".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі