Чэмпіён Магілёўшчыны па практычнай стральбе ваюе на баку “ДНР”? (фота)

29-гадовы Андрэй Ш. адвучыўся ў звычайнай аршанскай школе і трапіў на службу ў віцебскую дэсантуру — у элітны 33 гвардзейскі атрад спецпрызначэння.

Андрэй (справа) падчас тэрміновай службы

Вышэйшую адукацыю і званне афіцэра Андрэй атрымаў у міліцэйскай навучальнай установе. Толькі праз яго сяброў знаходзім фотаздымак, дзе ён фігуруе ў міліцэйскай форме.

Такім чынам, Андрэй Ш. пасля атрымання афіцэрскіх пагонаў апынуўся у Магілёве. А потым — у Маскве.

Інфармацыя пра гэтага беларуса ў 2015 годзе разышлася па сеціве, дзякуючы ўкраінскаму сайту “Міратворац”. Што праўда, аўтары артыкула, хутчэй, выказваюць здагадкі. Сам Андрэй не афішуе свой удзел у баявых дзеяннях і не публікуе фотаздымкаў з Данеччыны. Пераважна ў яго ў сацсетках — ілюстрацыі гульняў у страйкбол. Мужчына ўдзельнічае ў магілёўскай камандзе "СОБР “Булат".

А сёлета ў канцы траўня Андрэй Ш. стаў чэмпіёнам Магілёўшчыны па практычнай стральбе з пнеўматычнай зброі. Спаборніцтвы праводзіліся пры падтрымцы БФСА “Дынама” і Федэрацыі практычнай стральбы.

“Ён не мог нікуды ездзіць і тым больш удзельнічаць у баявых дзеяннях. Тое, што было напісана на сайце “Міратворца” — гэта інфармацыйная вайна. Напрыклад, звесткі пра тое, што ваяваў у Грузіі. Ён фізічна не мог знаходзіцца там, таму што працаваў у дзяржорганах на той момант”, — сцвярджае LЁD, камандзір "СОБР “Булат”".

Тым часам, вядомыя байцы з “ДНР” сцвярджаюць адваротнае і кажуць пра беларуса Андрэя Ш. толькі самае добрае. Выглядае, што за час вайны на ўсходзе Украіны ён сябе добра праявіў і зрабіў імя.

Гэты скрыншот быў апублікаваны на сайце psb4ukr.org. Пасля гэтага Андрэй Ш. прыбраў допіс з сацсетак.

***

Звяртаемся да Андрэя Ш. па інтэрв'ю, але ён катэгарычна адмаўляецца ад гутаркі з журналістам. Тады тэлефануем у Оршу яго бацькам.

“Прабачце, я вам нічым дапамагчы не магу. Мне гэта не вельмі прыемна. Ён з намі не жыве і мала што расказвае. Я сама хацела б ведаць больш”, — з трывогай у голасе адказвае на тэлефанаванне маці Андрэя.

Просім жанчыну, каб паўплывала на сына і той выйшаў на сувязь з Еўрарадыё ды расставіў усе кропкі над “і”. Але з журналістамі Андрэй так і не звязаўся.

На яго старонках у сацыяльных сетках — вольны доступ да сяброў. Амаль кожны дзясяты чалавек — з Данецка, Луганска ці Горлаўкі (гарады, якія знаходзяцца пад кантролем прарасійскіх байцоў). Многія з гэтых людзей не хаваюць свайго ўдзелу ў вайне. Звязваемся з байцом арміі “ДНР” Аляксандрам С., крымчанінам, які з пачатку баявых дзеянняў на Данеччыне вырашыў падтрымаць “Наваросію” ў яе барацьбе з “фашыстамі” і “хунтай”.

Аляксандр, як высвятляецца, добра ведае і Андрэя Ш., і беларусаў з падраздзялення “Спарта”, пра якіх Еўрарадыё ўжо згадвала (Сяргей Савіч і Дзмітрый Макарэвіч).

Чым займаліся сепаратысты-беларусы да вайны на Данбасе?

Дзядзька сепаратыста-беларуса: "Ён харошы. Толькі, бывае, башню яму сарве"

“Даволі перспектыўны баец. Чалавек, за якім пацягнуцца многія”, — так апісвае Андрэя Ш. крымчанін.

Еўрарадыё: Які ў яго ўзровень, калі параўнаць, напрыклад, з беларусам Сяргеем Савічам?

Крымчанін: У Андрэя ўзровень вышэйшы.

Еўрарадыё: Андрэй Ш. — разведчык?

Крымчанін: Ну, так. На перадавой. Лепш выйдзіце на яго, і ён пра сябе падрабязна распавядзе. Таму што поўную інфармацыю я не магу вам даць.

На старонцы ў сацсетках Андрэй Ш. змяшчае вось такія абстрактныя фота. Не зразумела, ці прымаў ён непасрэдны ўдзел у падзеях, паказаных на ілюстрацыі

Былы мар’інагорскі спецназавец Г. (таксама ваюе ў “Спарце”) падчас інтэрв’ю згадвае, што не бачыў Андрэя Ш. ужо больш за месяц. І апісвае яго як “байца высокага класу”.

Яшчэ шэраг байцоў з “ДНР” ускосна пацвердзілі Еўрарадыё, што Андрэй Ш. ваяваў на баку прарасійскіх фармаванняў. Але даваць дэталёвую інфармацыю ніхто не вырашаецца. Рабіць гэта забаранілі іх камандзіры.

Вядома, што ў мірным жыцці Андрэй зарабляе на жыццё ў Маскве. Былі непацверджаныя звесткі, што сёння ён служыць у расійскіх спецпадраздзяленнях. Знаёмыя ж беларуса кажуць, што працуе ахоўнікам у элітных расійскіх гатэлях і забаўляльных цэнтрах.

***

Нагадаем, што афіцыйна беларускія праваахоўнікі абяцаюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці тых, хто ўдзельнічае ў вайне на усходзе Украіны як з аднаго боку, так і з другога. Але дагэтуль не абвяшчалася хоць бы пра адну распачатую справу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі